Фінскі галкіпер Ніклас Бэкстрэм (13.02.1978, Хельсінкі) на час лакаўту ў Нацыянальнай хакейнай лізе пяройдзе ў «Дынама» Мінск,
паведамляе афіцыйны сайт беларускага клуба.

Спартыўны дырэктар «Дынама» Ігар Матушкін пракаментаваў будучы пераход: «Ніклас — гадунец нашага трэнера па брамніках Ары Хілі. Ён вельмі хацеў выступаць падчас лакаўту менавіта ў складзе „Дынама“ і пагадзіўся падпісаць кантракт на прымальных для нашага клуба умовах.

Учора ён даў вусную згоду. Пасля таго, як ён вырашыць праблему з беларускай і расійскай візамі, ён адразу далучыцца да нашай каманды.
Спадзяемся, гэта здарыцца ў бліжэйшыя два-тры дні».

***

Ніклас Бэкстрэм выступаў за клубы фінскай SM-Лігі ХІФК, ПіТА, «Гермес», ФПС, СайПа, «Кярпят», шведскім АІКу, а таксама ў клубе НХЛ «Мінесота Уайлд». Правёў у рэгулярных чэмпіянатах НХЛ 327 матчаў. Сярэдні каэфіцыент надзейнасці — 2.42, сярэдні працэнт адбітых кідкоў — 91.8. У Кубку Стэнлі згуляў 11 матчаў (каэфіцыент надзейнасці — 2,55, працэнт адбітых кідкоў — 91,1). 15 матчаў згуляў за зборную Фінляндыі. Найвышэйшыя дасягненні: чэмпіён свету сярод моладзі, сярэбраны прызёр Алімпіяды 2006 года, бронзавы прызёр Алімпіяды 2010 года, двухразовы бронзавы прызёр чэмпіянатаў свету; чэмпіён, двухразовы срэбны прызёр і бронзавы прызёр чэмпіянатаў Фінляндыі; уладальнік прыза «Уільям М. Джэнінгс Трофі», уладальнік прыза «Роджэр Кразье Эвард», удзельнік Матчу ўсіх зорак НХЛ 2009 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0