Судовая калегія па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суда пакінула ў сіле вырак суда Ленінскага раёна Магілёва ў дачыненні да былога намесніка старшыні Магілёўскага гарвыканкама Уладзіміра Цітка і дзейнага дырэктара ААТ «Прамжылбуд» Леаніда Балдзенкі.
Пра гэта паведамляе прэс-служба Упраўлення КДБ па Магілёўскай вобласці.

Абодва яны былі прызнаныя вінаватымі ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Суд Ленінскага раёна Магілёва 30 мая 2012 года прыгаварыў Цітка да пазбаўлення волі на 3 гады з канфіскацыяй маёмасці. Ён быў таксама пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў. Балдзенку суд вынес аналагічны прыгавор, але з адтэрміноўкай выканання на 2 гады. Падсудныя адмовіліся прызнаць сваю віну і падалі касацыйную скаргу.

Згодна з матэрыяламі справы, курыруючы работу будаўнічай галіны і службы па землеўпарадкаванні, былы намеснік старшыні гарвыканкама, скарыстаўшы службовае становішча з карыслівымі мэтамі, арганізаваў выдзяленне на падстаўную асобу зямельнага ўчастка ў прэстыжным раёне горада — каля Пячорскага лесапарку.
Каб мінімізаваць затраты на будаўніцтва на атрыманым участку ўласнага прыватнага дома, чыноўнік звярнуўся да дырэктара ААТ «Прамжылбуд» з просьбай даць яму без заключэння адпаведнага дагавора і аплаты неабходную спецыяльную тэхніку, грузавы аўтатранспарт, будаўнічыя матэрыялы, а таксама накіраваць на аб’ект рабочых будаўнічых спецыяльнасцяў.

Як адзначаецца ў прэс-рэлізе УКДБ, нягледзячы на неправамерны характар просьбы чыноўніка, дырэктар прадпрыемства арганізаваў з кастрычніка 2007 года па кастрычнік 2009 года вытворчасць работ, звязаных з будаўніцтвам прыватнага дома. У выніку чаго ААТ «Прамжылбуд» быў нанесены ўрон у буйным памеры.

Ціток на судзе заяўляў аб тым, што не збіраўся выкрадаць будматэрыялы і думаў за іх разлічыцца.
Аднак судовая калегія палічыла яго довады негрунтоўнымі, бо законных падстаў на набыццё матэрыялаў у чыноўніка не было. А часткова кампенсаваць прычынены ўрон Ціток вырашыў толькі пасля ініцыяванай супрацоўнікамі КДБ праверкі ААТ «Прамжылбуд» кантрольнымі органамі, паведамляе прэс-група УКДБ па Магілёўскай вобласці.

Згодна з паведамленнем, Балдзенка, які цяпер займае ранейшую пасаду, будзе вызвалены ад пасады ў найбліжэйшы час.

Адметна, што каля тыдня таму Ціток быў вызвалены з месцаў зняволення па амністыі. Аб гэтым паведаміла БелаПАН адвакат падсудных Маргарыта Федарчук. У той жа час яна адмовілася пракаментаваць рашэнне судовай калегіі Магілёўскага абласнога суда ў дачыненні да яе падабаронных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?