А вось і няпраўда, Машэраў быў прэзідэнтам...

Я азірнуўся. Некалькі хлопчыкаў і дзяўчынак павольна рухаліся сярод магіл, уголас чыталі імёны на помніках, вылічвалі, хто колькі пражыў...

Я аклікнуў іх: «Аб чым спрэчка?» «Ды вось Віцька гаворыць, што Машэраў быў віцэ-прэм’ерам. А віцэ-прэм’ер не галоўны ж, галоўны — прэзідэнт.
А потым Машэраў памёр і прэзідэнтам стаў Лукашэнка...»

Гэта пяцікласнікі адной з мінскіх школ прыйшлі на Усходнія могілкі прыбраць вайсковыя пахаванні. Павыносілі смецце, пачысцілі дарожкі... А потым самыя цікаўныя затрымаліся.

Я, вядома, расказаў ім пра Машэрава, правёў, так бы мовіць, урок гісторыі...

І ўспомніў іншы, вельмі даўні ўрок.

Перад вачыма зноў паўстаў Янэк.

У гэтага пацана былі па-ваўчынаму вострыя, прыціснутыя да галавы, вушы і калючы натапыраны позірк.
Сам ён быў не па сваіх пятнаццаці гадах малы, лядашчы, але ўсё, што здаралася ў вёсцы — ад кінутай у комін здохлай вароны да крадзяжу з крамы, — валілася на яго...

Мы пасябравалі. Ён прыходзіў да мяне гуляць у шахматы, я даваў яму кнігі... Аднойчы наведаўся да яго. На ложку, пад зашмальцаванай пярэсткай коўдрай, ляжала хворая маці. «Хто тут? Настаўнік? Дапамажыце, настаўнік, загіне хлапец... Каб жывы быў бацька...»

Бацька Янэка глядзеў на мяне з пажоўклых фотаздымкаў, уціснутых па вясковай звычцы ў адну раму на пабеленай вапнай, таксама зжаўцелай, сцяне. Вось ён трымае пад аброць каня, намагаючыся не губляць ганарлівую постаць польскага жаўнера. А вось напружана сядзіць у форме, паклаўшы на калені шаблю...

У апошні раз тую вёску палілі ў 1953. Бацька Янэка сам застрэліў тагачаснага старшыню сельсавета, мужа настаўніцы, якая і праз дзесяць гадоў працавала завучам ў школе.
Янэк быў яе асабісты вораг: турма, калонія — не самае страшнае, што рыхтавала яму яе пашкоджаная няўтольнай помстай свядомасць...
Бацька Янэка загінуў у тым жа 53-м, калі ягоны атрад «лясных братоў» абклалі ў лесе з усіх бакоў.

У кастрычніку, калі асіны асвятляюць змрочны яловы лес барвова­крывавым полымем, Янэк павёў мяне ў ягоную непазнавальную глыбіню. На паляне, да якой дабіраліся гадзіны тры, захаваліся яшчэ паўзруйнаваныя зямлянкі, сляды ад вогнішчаў, вакол былі раскіданы рэшткі нейкай амуніцыі, лопнутыя катлы, іржавыя вёдры, у дрэвах — пазелянелыя дзіркі ад куль...

Узімку, у самыя маразы і снягі, калі ў чарговы раз нехта абрабаваў вясковую краму, Янэк знік. Але я ўжо ведаў, дзе яго трэба шукаць...

Ён мусіць быць нястомным, пошук гістарычнай праўды.

Але чаму яго так страшыцца ўлада? Чаму, як толькі праўда вылазіць вонку, улада распачынае рэпрэсіі, на гэты раз супраць гісторыкаў і вынікаў іх самадданай працы — унікальнага падручніка «Гродназнаўства» і дасле­давання «Саветызацыя Заходняй Беларусі»? Заўважце: не «нішчага народа» страшыцца, а гісторыкаў.

Ці не таму, што менавіта гісторыкі, ведаючы праўду пра мінулае, здольны прадбачыць будучыню?..

Не, нездарма мітусяцца праўладныя ідэолагі, выдумляючы то адну, то іншую «канцэпцыю» выкладання гісторыі ў школах. З апошніх на памяці — выкладанне гісторыі Беларусі «ў кантэксце сусветнай гісторыі». То бок расійска-савецкай...

Паглядзіце яшчэ раз падручнікі, па якіх навучаюцца вашы дзеці. Я глядзеў. Па гэтых падручніках немагчыма здабыць урокі з даўняй і не вельмі даўняй гісторыі.

Немагчыма здабыць урокі з гісторыі, калі не ўсвядоміць і не зазнаць яе папрокі — за бяспамяцтва, за хлусню, за былыя і сучасныя рэпрэсіі, за намаганні ізноў укатаць яе пад праўладна­ідэалагічны асфальт...

А Янэку я ўсё ж дапамог, уратаваў ад калоніі ці турмы. Пасля васьмі класаў ён пайшоў у ПТВ, дасылаў адтуль лісты з падрабязным пералікам пэтэвэшных падзей і пытаннямі, як ставіцца да таго, што гаворыць той ці іншы настаўнік... Аднойчы я атрымаў ад яго пранізлівы ліст, у якім літаральна кожнае слова крычала: я не краў! Так, яго ізноў западозрылі ў крадзяжы. Дырэктарам ПТВ, дзякуй Богу, быў мой аднакурснік... Потым Янэк працаваў механізатарам у калгасе, потым з’ехаў у Латвію — многія з браслаўскіх мясцін напрыканцы савецкіх гадоў шукалі там працу, уладкаваны побыт і сямейнае шчасце.

Там, у Латвіі, і згубіўся ягоны след.

Патрапіў у кантэкст сусветнай гісторыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?