Дэбютны альбом чарговых «беларусаў?прыкалістаў», якія ўсімі сваімі памкненьнямі скіраваныя на Ўсход.

І нават маюць там посьпех, што пацьвердзіў леташні фэст «Новая хваля» ў Сочы. Усяго за год яны сталі на адну прыступку з такімі ж «беларускімі» хлопцамі, якія думаюць, што яны прыкольныя — «Тяни-Толкай», «Лепрыконсы», «Пиво вдвоём» і да т.п. Але ж у чым прыкол гэных? «Дрозды» эксплюатуюць той жа вобраз простага хлопца, які «в три смены на заводе готов пахать», зь якога пачынаў Міхалок. Рыфмуюць «шаверма» і «наверна», «своево» і «аднаво». Плюс блатныя акорды і балалайка з баянам як асноўныя інструмэнты. «Трэба быць бліжэй да народу», — нібы сьцьвярджаюць яны і ў нечым маюць сваю рацыю. Калі да музыкі падыходзіць, як да часовага заробку. Возьмуць сваю частку славы ды адыдуць у нябыт, калі не перастрояцца, як тыя ж «ляпісы». Шкада, што асадак застанецца, як ад тых самых «лепрыконсаў».

Зь дзівосаў і цікавостак гэтага альбому. Калі нехта здолее даслухаць да кампазыцыі №12, то яго чакае сюрпрыз — вольны кавэр на песьню «З Новым годам». Выявілася, што «Дроздам» настолькі спадабаўся гіт Neuro Dubel, што яны... выкупілі твор, крыху перапрацавалі тэкст і запісалі наноў з захаванай мэлёдыяй. Толькі слухаць прыкра: у Кулінковіча пяецца «ў начы цьвярозы месяц», а ў «Дроздов» замест гэтага — «в Москве мороз и ветер». У якасьці музычнага прыколу пасуе інструмэнтальная вэрсія «Купалінкі», сыграная з дапамогай адно толькі баяну і балалайкі. Акурат на гэтай песьні і прыходзіць усьведамленьне: гэта першы і апошні альбом дадзенага калектыву. Дразды адляцелі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?