У Магілёве міграцыйныя ўлады абавязалі пакінуць межы Беларусі да 24-й гадзіны 20 верасня пяцярых грамадзян замежных дзяржаў. Амерыканец, два немцы, галандзец і аўстрыец павінны пакінуць краіну, бо, як сцвярджаюць у аддзяленні па грамадзянстве і міграцыі Ленінскага раёна абласнога цэнтра, мэта іх наведвання — турызм — не адпавядае рэальным мэтам знаходжання ў Беларусі.

Нагадаем, іншаземцы знаходзяцца ў Магілёве з прыватным візітам паводле запрашэння прадстаўніка магілёўскай маладзёжнай арганізацыі «Грамадзянскі форум» Юрыя Стукалава. Яны былі затрыманы 18 верасня для праверкі выканання пашпартнага рэжыму.

У іншаземцаў былі канфіскаваны пашпарты, замест якіх ім выдалі даведкі з абавязацельствам з’явіцца 19 верасня ў 11.00 у аддзяленне.
Сёння разбор, які доўжыўся прыблізна тры гадзіны, закончыўся вынясеннем рашэння аб скарачэнні ім тэрмінаў знаходжання ў Беларусі. На думку міграцыйных уладаў, іншаземцы ўдзельнічалі ў нейкім семінары, што не адпавядае дэклараванай мэце наведвання краіны — турызм.

Замежныя грамадзяне не згодныя з такой трактоўкай іх сустрэчы з прадстаўнікамі маладзёжных арганізацый, бо, як сцвярджаюць, былі запрошаны туды сваімі сябрамі-беларусамі спантанна. Яны маюць намер абскардзіць рашэнне міграцыйных уладаў у судзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?