Адмова ўлад Беларусі ў выдачы візы — яшчэ адзін доказ таго, што выбары з’яўляюцца фарсам, заявіла дэпутат бундэстага Марылуіза Бек, каментуючы факт адмовы ёй у беларускай візе.
Нагадаем, беларускія ўлады адмовілі ў візах назіральнікам Парламенцкай асамблеі АБСЕ Эмануэлісу Зінгерысу (Літва) і Марылуізе Бек (Германія), якія планавалі прыехаць у складзе кароткатэрміновай місіі асамблеі для назірання за парламенцкімі выбарамі.
«Я ўсцешаная, што Аляксандр Лукашэнка лічыць мяне настолькі небяспечнай, што мне забаранілі ўезд», — заявіла Марылуіза Бек.
«Адмова ў візе — яшчэ адзін доказ таго, што гэтыя выбары з’яўляюцца фарсам. Дыктатар Лукашэнка нават не спрабуе стварыць бачнасць свабодных і сумленных выбараў, затрымліваючы журналістаў і не пускаючы (у краіну) назіральнікаў», — сказала Бек.
Яна зазначыла, што адмовай у візе Беларусь «зневажае АБСЕ і інструмент назірання за выбарамі, які быў узгоднены ўсімі дзяржавамі, што з’яўляюцца членамі Арганізацыі».
«Мы будзем, тым не менш, пільна сачыць за выбарамі і развіццём палітычнай сітуацыі ў Беларусі, нават не маючы віз», — заявіла дэпутат бундэстага.
Нявыдачу беларускай візы пракаментаваў і кіраўнік парламенцкага Камітэта сейма Літвы па замежных справах Эмануэліс Зінгерыс.
«Гэта паказвае, што рэжым не змяніўся. Паказвае селектыўны падыход у прыняцці рашэнняў аб тым, каму можна прыязджаць, а каму — не. Рэжым, на жаль, працягвае сваю старую палітыку»,— прыводзіць словы Зінгерыса
Літоўскі парламентарый зазначыў, што ўжо шмат разоў атрымліваў адмову ў беларускай візе «ў сувязі са сваімі выказваннямі аб сутнасці рэжыму Аляксандра Лукашэнкі».
«Гэта паказвае, наколькі адчувальны беларускі рэжым да пытанняў выканання правоў чалавека. Я думаю, пакуль гэты рэжым будзе існаваць, я, на жаль, не змагу наведаць нават магілы сваіх продкаў у Лідзе», — мяркуе ён.