Сёння на здзіўленне турыстаў і жыхароў польскай сталіцы, у самым цэнтры горада, перад каралеўскім палацам лунаў 9-метровыбел-чырвона-белы сцяг. Такім чынам беларусы якія пражываюць у Польшчы, адсвяткавалі Дзень Пагоні і сцяга.

Яго адзначаюць 19 верасня, бо ў той дзень у 1991 годзе гістарычная сімволіка была прызнана дзяржаўнай.

Такое рашэнне прыняў пасля краху СССР Вярхоўны Савет Беларусі 12-га склікання — парламент, які быў абраны на часткова свабодных выбарах.

Нацыянальная сімволіка заставалася дзяржаўнай да Ганебнага рэферэндуму 1995 года, калі замест яе вярнулі каланіяльныя сімвалы.

Нагадаем, што раней бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» былі сімваламі Беларускай Народнай Рэспублікі — першага дзяржаўнага ўтварэння, што абвясціла сваю незалежнасць ад іншых краін і выкарыстоўвала азначэнне «беларускі».

Суполка Беларуская нацыянальная памяць заклікала беларусаў усяго свету адзначыць Дзень Пагоні вывешваннем нацыянальнай сімволікі — як у краіне, так і ў асяродках эміграцыі.

Больш пра нацыянальную сімволіку можна прачытаць у нашым артыкуле «Сапраўдныя нацыянальныя сімвалы».

Герб «Пагоня» — ваяр з узнятым мячом на белым кані ў чырвоным полі — вядомы ў Беларусі з глыбокай старажытнасці.
У якасці дзяржаўнага герба Княства Літоўскага, старажытнай беларускай дзяржавы, яе пачаў выкарыстоўваць вялікі князь Віцень у канцы XIII стагоддзя.
«Віцень пачаў княжыць над Літвою, устанавіў сабе герб і ўсяму княству Літоўскаму пячатку:
рыцар збройны на кані з мячом, які цяпер называюць «Пагоня», — піша Густынаўскі летапіс.
Чаму «Пагоня»? Так называўся высакародны звычай, пашыраны ў нашых землях.
У выпадку раптоўнага налёту ворагаў — вось наляцелі чужынцы, схапілі каштоўныя рэчы і дзяцей у палон — усе мужчыны, якія маглі трымаць зброю, сядалі на коней і пераследавалі захопнікаў, каб вызваліць забраных суайчыннікаў.
У XIV ст. на шчыце «Пагоні» з’явіўся шасціканцовы крыж.
Знак той нагадваў здаўна вядомы нашым продкам Ярылаў крыж — сімвал бога сонца і ўрадлівасці.

Царква надала «Пагоні» іншае значэнне: святары былі схільны лічыць яе выявай святога Юр’я, нябеснага апекуна Беларусі.

Выявай «Пагоні» ўпрыгожаныя ўсе дзяржаўныя дакументы тагачаснай Беларусі, старонкі «Літоўскай Метрыкі» і «Статутаў».
«Пагоня» была на сцягах беларуска­-літоўскага войска ва ўсіх вырашальных бітвах тых часоў — ад Грунвальда да Оршы.

Пасля Люблінскай уніі «Пагоня» нароўні з польскім белым арлом змяшчалася на гербе Рэчы Паспалітай і на каралеўскім сцягу.

Нават пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у XVIII стагоддзі, калі Беларусь трапіла пад уладу Расіі, «Пагоня» засталася гербам беларускіх губерняў.
Яна трапіла на значкі расійскіх войскаў, размешчаных у Беларусі (напрыклад, Гродзенскага гусарскага), і нават на герб Расійскай імперыі.
Пячатку з «Пагоняй» меў і Кастусь Каліноўскі
— кіраўнік паўстання 1863 года.
У пачатку ХХ стагоддзя Максім Багдановіч прысвяціў старажытнаму беларускаму гербу пранікнёны патрыятычны верш:

Усё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць…
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць!

У 1918-м «Пагоня» стала дзяржаўным гербам Беларускай Народнай Рэспублікі — першай незалежнай беларускай дзяржавы.
Калі ў канцы 1980-х разгарнулася барацьба за незалежнасць Беларусі, «Пагоня» з’явілася каля лагатыпаў падпольных улётак і першых незалежных газет. Харугвы з ёй неслі на чале шэсцяў. З’явіліся новыя карціны па яе матывах і песні пра яе.

Нацыянальнай сімволікай працягвае карыстацца інтэлігенцыя, моладзь.

Многія школьнікі носяць значкі з нацыянальным сцяжком або «Пагоняй».
Адзін мой знаёмы хлопец, якому ў школе забаранялі насіць такі значак, чапляў яго на адвароце лацкана. Іншыя маюць «Пагоню» на сваіх аватарках у сацыяльных сетках. Налепкі з «Пагоняй» можна пабачыць на машынах. У тысячах кватэр вісяць бел­-чырвона­-белыя сцягі.
«Пагоня» сягае каранямі ў сівую даўніну, а вось нацыянальны сцяг быў кадыфікаваны адносна нядаўна.
Беларусы здаўна шанавалі спалучэнне белага і чырвонага колераў.
На карціне XVI ст. «Бітва пад Оршай» пікі ваяроў ВКЛ упрыгожваюць сцяжкі з выявай чырвонага крыжа на белым полі — крыжа святога Юр’я.
Чаргаванне белых і чырвоных палосаў можна бачыць і на сцягах каралёў Рэчы Паспалітай. У хрысціянскай сімволіцы чырвоны пас (або крыж) на белым полі сімвалізаваў кроў Хрыста.

Аднак

бел­-чырвона­-белы сцяг у сённяшнім выглядзе, у адрозненне ад «Пагоні», мае канкрэтнага аўтара.
Сцяг стварыў у 1917 Клаўдзій Дуж-Душэўскі.
Да яго, маладога архiтэктара, выпускнiка Пецярбурскага горнага iнстытута і найталенавіцейшага тэатрала, з просьбай зрабіць эскіз нацыянальнага сцяга звярнуліся беларускiя арганiзацыi Пецярбурга.

«Беларусы [даўней] лічылі сваім дзяржаўным сцягам белую Пагоню на чырвоным полі», — пісаў ва ўспамінах Дуж-Душэўскі. Рух за незалежнасць хацеў стварыць сабе сцяг больш адрозны ад герба, як было ў іншых, дзяржаўных народаў».

Створаны Дуж-Душэўскім сцяг быў упершыню ўзняты ўвесну 1917 на будынку Беларускага таварыства дапамогi пацярпелым ад вайны ў Пецярбургу
(Дуж-Душэўскi быў супрацоўнiкам гэтага Таварыства). А 12 сакавiка ў Мінску ўпершыню адбылося масавае свята — нацыянальны Дзень беларускага значка. Бел-чырвона­-белыя значкi, кукарды і сцяжкi можна было пабачыць паўсюль на вулiцах.

Бел-чырвона­-белую стужку ў 1917-м сталі насіць і вайскоўцы-беларусы на франтах Першай сусветнай вайны, каб пазнаваць сваіх.

У снежнi 1917 у Мінску падчас Усебеларускага з’езда бел­-чырвона­-белы сцяг ужо адзiнадушна прызнаваўся нацыянальным сімвалам Беларусi. Ён усім адразу прыйшоўся да душы: светлы, зыркі і непаўторны.
Ён стаў дзяржаўным сцягам Беларускай Народнай Рэспублікі.
За саветамі ж сцяг быў забаронены.
За яго малюнак можна было страціць працу, а то і жыццё. Тады ж чырвоны пас на сцягу набыў новае тлумачэнне — кроў, пралітая за айчыну.
Бел-чырвона­-белы сцяг і «Пагоня» — сімвалы змагання беларусаў за свабоду. З нацыянальным сцягам звязаная легендарная постаць Мірона —
невядомага, які ўздымае сцягі на самых высокіх і небяспечных пунктах. «Міронам» ён падпісваўся ў цыдулках, прымацаваных да штандараў. Відаць,
у рэальнасці такіх Міронаў дзясяткі, калі не сотні.
За вывешванне нацыянальнага сцяга ў Віцебску нядаўна быў пасаджаны ў турму патрыёт Сяргей Каваленка.
Парадаксальна, але ўлады таксама патроху пачынаюць разумець, што гісторыю не сатрэш.
«Пагоня» вярнулася на герб Віцебскай вобласці. Для яе знайшлі і афіцыйнае вызначэнне — «гістарычны сімвал Беларусі».
А вось чырвона-зялёны сцяг прыдумалі сталіністы.

У канцы 1940-х Сталіну спатрэбілася стварыць сцягі саюзных рэспублік СССР, асабліва тых, якія былі членамі ААН. Яны былі выраблены на аснове сцяга савецкай імперыі. Гэты сцяг і зацвердзілі ў 1951.

Герб БССР трохі даўнейшы. Ён быў прыняты ў 1927, таксама на аснове герба СССР.

Нагадаем, ад рук сталіністаў у Беларусі загінула каля 200 тысяч чалавек, а ўсяго праз рэпрэсіі прайшло 600 тысяч.

Такім чынам, гэты герб маладзейшы за «Пагоню», прынамсі, на 7 стагоддзяў, а сцяг — на 34 гады за бел­-чырвона­-белы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0