Усе абвінавачанні амерыканскага боку ў адрас кампаніі «Белзнешпрамсэрвіс» безгрунтоўныя і не адпавядаюць рэчаіснасці. Пра гэта гаворыцца ў каментары прэс-сакратара Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэя Савіных, размешчаным на сайце беларускага знешнепалітычнага ведамства.

«Гэта не больш чым спроба аказаць націск на Беларусь за адкрытую і прынцыповую пазіцыю нашай краіны на карысць мірнага ўрэгулявання ўнутранага сірыйскага канфлікту, — заявіў Савіных. — Важна падкрэсліць, што беларускі бок заўсёды няўхільна выконвае рашэнні Савета бяспекі ААН. У гэтай сувязі аднабаковыя санкцыі ЗША супярэчаць духу канструктыўнага ўзаемадзеяння паміж нацыямі на аснове міжнароднага права і ўзаемнай павагі».

Беларусь, падкрэсліў ён, рашуча не прызнае такія падыходы і лічыць «прымяненне аднабаковых мер недапушчальным».

Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі ў дачыненні да дзяржаўнага знешнегандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Белзнешпрамсэрвіс» па падазрэнні ў пастаўках узбраенняў у Сірыю.

У прэс-рэлізе Мінфіна ЗША ўказана, што «Белзнешпрамсэрвіс» падвергнуты санкцыям за свае сувязі з Бюро армейскага забеспячэння, якое ўваходзіць у структуру Міністэрства абароны Сірыі і займаецца закупкамі звычайных узбраенняў, у тым ліку ракетнай тэхнікі. Паводле даных ЗША, «у сакавіку 2011 года Бюро армейскага забеспячэння рыхтавалася атрымаць ад „Белзнешпрамсэрвісу“ дэтанатары для авіябомбаў».

Увядзенне такіх санкцый азначае, што замежная кампанія не зможа мець ніякіх спраў з амерыканскімі ўрадавымі ці прыватнымі структурамі, а яе рахункі ў банках ЗША (калі такія ёсць) будуць замарожаны.

«Белзнешпрамсэрвіс» — дзяржаўнае экспартна-імпартнае прадпрыемства, якое прапаноўвае ўвесь спектр паслуг па распрацоўцы, вытворчасці, мадэрнізацыі, рамонце, рэалізацыі ўзбраення, ваеннай тэхнікі, ваенна-тэхнічнай маёмасці, іх камплектуючых элементаў, спецыяльнага тэхналагічнага абсталявання і матэрыялаў.

У інтарэсах замежных замоўцаў і інвестараў «Белзнешпрамсэрвіс» прапаноўвае паслугі беларускага навуковага і вытворчага патэнцыялу, новыя тэхналогіі вытворчасці і аднаўлення дэталяў, перадавыя метады дыягностыкі і рамонту, сучасныя варыянты мадэрнізацыі, а таксама стварэнне сумесных вытворчасцяў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?