Група мінскіх дыгераў вечарам 20 верасня перадала ў СМІ па электроннай пошце паведамленне з удакладненнем акалічнасцяў свайго вызвалення з ліўневай каналізацыі.

«Дыспетчары МНС па нумары 101 з намі размаўляць не захацелі: ці то сувязь падводзіла, ці то нас прымалі за жартаўнікоў. Супрацоўнікі МНС усё ж прыехалі, аднак не туды, куды было трэба, таму што яны не маглі знайсці наша месцазнаходжанне, — зазначаецца ў паведамленні. — За 40 секунд вада ўзнялася з узроўню шчыкалаткі да ўзроўню пояса, мы пастараліся дабрацца да найбліжэйшага люка, думалі, што ён будзе адчынены, каб выбрацца на паверхню, але нам не пашанцавала. Менавіта з-пад гэтага люка мы пастараліся звязацца з ратавальнікамі, замацаваўшыся вяроўкамі на металічных скобах у калектары. Вада паступова пачала спадаць, і мы вырашылі працягнуць шлях у бок выхаду. Міліцыянеры і ратавальнікі, якія прыбылі па нашым выкліку, ніяк не маглі весці нас па калектары з дапамогай тэлефона, мабільная сувязь працавала толькі каля накрыўкі люка, дзе быў слабы сігнал. Вызваліліся з тунэля мы самастойна».

Пасля таго як дыгеры падняліся на паверхню ў тым жа самым месцы, дзе спускаліся, на іх мабільны тэлефон паступіла тэлефанаванне ад супрацоўнікаў МНС. Дыгеры адказалі, што выбраліся самі, і паведамілі пра сваё месцаразмяшчэнне, пасля чаго прыехаў нарад міліцыі і машына ратавальнікаў.
На асабістым аўтамабілі дыгеры прыехалі ў Цэнтральнае РУУС за машынай міліцыі. «Выказванні некаторых удзельнікаў гэтага „паходу“ на відэа, размешчаным на сайце ГУУС горада Мінска, мы б сказалі, „злёгку“ зманціравана ў „патрэбны“ бок. Далёка не ўсё, што было сказана, увайшло ў гэты відэаролік. Удзельнікамі гэтага мерапрыемства было загадзя вядома аб надвор’і, і, нягледзячы на гэта, было прынята рашэнне спусціцца ў калектар. Мы поўнасцю ўсведамлялі рызыку, на якую ідзем, і разумелі ступень небяспекі, якая чакае нас унізе. Усім маладым людзям споўнілася 18 гадоў, самому малодшаму было 22, а самаму старэйшаму — 26, і называць нас падлеткамі па меншай меры няправільна», — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Раней прэс-сакратар ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі заявіў, што, паводле папярэдняй інфармацыі, пяцёра маладых мінчан спусціліся ў гарадскую каналізацыю цераз каналізацыйны люк у раёне «МакДональдса» на Нямізе.

У пэўны момант яны зразумелі, што вялікі паток вады, выкліканы дажджом, можа ўяўляць для іх смяротную небяспеку. Таму маладыя людзі па мабільным тэлефоне выклікалі ратавальнікаў, якія разам з міліцыяй і дасталі іх з каналізацыі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?