У Бярозаўскім раёне знайшлі двухгадовую дзяўчынку, якая знікла 20 верасня.

Як паведамілі ў Бярозаўскім РАУС, дзіця знайшлі 21 верасня каля 11.00 у лесе прыкладна за 4 км ад вёскі Пескі, дзе жыве дзяўчынка. Яе ўбачыў 71-гадовы жыхар суседняй вёскі Вайцешын. Пенсіянер паехаў у лес у грыбы на гужавой павозцы. Вясковец, які ведаў пра пошукі дзіцяці, прывёз яе ў вёску Пескі.

Брыгада хуткай медыцынскай дапамогі даставіла дзяўчынку з папярэднім дыягназам «агульнае пераахалоджанне» ў Белаазёрскую гарадскую бальніцу.

У Бярозаўскі РАУС 20 верасня ў 15.04 звярнулася 35-гадовая маці дзяўчынкі. Жыхарка вёскі Пескі расказала, што ў гэты дзень каля 8.30 пайшла на працу з дому сваёй сястры, дзе жыве з двума дзецьмі. У гэты час яны спалі, дарослых не было. Калі яна прыкладна ў 12.30 вярнулася дамоў, яе двухгадовай дочкі там не было. Знайсці самастойна дзіця не ўдалося.

Асабовы склад раённага аддзела ўнутраных спраў быў падняты па сігналу «Трывога». Праводзілася прачэсванне сумежнага з вёскай ляснога масіву. Супрацоўнікі МНС абследавалі два вадаёмы, што побач з домам, адкуль знікла дзяўчынка, а таксама калодзежы ў двары дома і ў суседніх дварах.

У 23.00 да пошукавых работ, якія не спыняліся і ноччу, падключыліся 13 кінолагаў.

21 верасня ў пошуку зніклай былі задзейнічаныя больш чым 300 чалавек. У іх ліку — супрацоўнікі міліцыі, райаддзела па НС, ваеннаслужачыя і мясцовыя жыхары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?