Паводле дадзеных назіральнікаў, яўка на ўчасткі для галасавання на 16 гадзін склала 34,4%, у тым ліку датэрміновае галасаванне, паведаміў адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Дзяніс Садоўскі.
«У нас толькі ад БХД на участках прысутнічае 200 чалавек. Мы таксама супрацоўнічаем з кампаніяй партыйнага назірання „За справядлівыя выбары“, таму маем інфармацыю з усёй Беларусі, з усіх абласцей», — сказаў Садоўскі.
Пры гэтым ён адзначыў, што лічбы назірання ад БХД і кампаніі «За справядлівыя выбары» параўноўваюцца з дадзенымі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і праекта «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка».
«Нашы лічбы, у асноўным супадаюць. Разыходжанне складае не больш за 3%, гэта значыць у межах памылкі падліку або статыстычнай памылкі», — адзначыў Садоўскі.
«У нас ёсць сотні фактаў таго, што яўка на выбарчыя ўчасткі накручваецца штучна. Выбаршчыкаў, якія галасавалі датэрмінова, так і ў дзень выбараў прыцягваюць на ўчасткі буфетам і канцэртамі, але нават гэта не дае выніку — яўка меншая за 50%», — заявіў Садоўскі.
* * *
Кампанію «За справядлівыя выбары» арганізавалі 14 беларускіх палітычных партый і грамадскіх арганізацый.
Праект «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» ажыццяўляюць сумесна грамадская арганізацыя Belarus Watch, Еўрапейскі гуманітарны універсітэт і Беларускі дом правоў чалавека ў Вільні.