Украдзеная ў сакавіку бронзавая мемарыяльная дошка, прысвечаная яўрэям Брэмена, знішчаным у Мінскім гета,была перададзена 12 красавіка паслу ФРГ у Беларусі Марціну Хекеру беларускім грамадзянінам. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў пасольстве Германіі.
Нагадаем, што аб знікненні дошкі з фасада дома № 13 па вуліцы Раманаўская Слабада ў Мінску стала вядома 9 сакавіка. Дошка была ўстаноўлена ў 1992 годзе прадстаўнікамі яўрэйскай абшчыны Брэмена ў памяць аб амаль 450 брэменскіх яўрэях, якія былі дэпартаваны ў 1942 годзе з Германіі ў Беларусь і знішчаны ў Мінскім гета. Аб гэтай трагедыі распавядаў тэкст на рускай і нямецкай мовах, змешчаны на дошцы.
Па факце знікнення знака Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын 12 сакавіка звярнуўся з заявай ва УУС Маскоўскага раёна, дзе паведамілі, што на працягу месяца ўчастковы будзе высвятляць абставіны знікнення дошкі і яе прыналежнасць. Па выніках разбору будзе вынесена рашэнне аб магчымасці завядзення крымінальнай справы.
26 сакавіка пасол ФРГ аб'явіў аб узнагародзе ў тысячу еўра за інфармацыю, што будзе садзейнічаць вяртанню памятнага знака.
Паводле звестак БелаПАН, дошка была вернута мінчанінам, які папрасіў не называць яго імя. Невядома таксама, ці атрымаў ён абяцаную ўзнагароду. У пасольстве Германіі адмовіліся паведамляць дэталі перадачы мемарыяльнай дошкі.
Далейшы лёс памятнага знака будзе вырашаны кіраўніцтвам Савета беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын. У якасці варыянта разглядаецца прапанова аб устаноўцы на фасадзе дома № 13 па вуліцы Раманаўская Слабада копіі мемарыяльнай дошкі, арыгінал якой будзе захоўвацца ў беларуска-нямецкай установе "Гістарычная майстэрня ў Мінску" (вуліца Сухая,25).
У інтэрв'ю БелаПАН начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Маскоўскага РУУС Васіль Лізун паведаміў, што 13 красавіка распачата справа па факце знікнення дошкі. Больш дэталёвая інфармацыя, паводле яго слоў, будзе прадастаўлена заяўніку ў пачатку наступнага тыдня.