Першы тэлеканал адмовіў Аляксандру Мілінкевічу ў жывым эфіры 25 красавіка.

Нагадаем, 6 красавіка А.Мілінкевіч зьвярнуўся да старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлекампаніі з просьбай прадставіць магчымасьць у прамым эфіры абмеркаваць дзейнасьць дзяржаўных органаў па пераадоленьні наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Таксама спадар Мілінкевіч прасіў даць магчымасьць для ўдзелу ў праграме запрошаных ім прадстаўнікоў экспэртаў і ліквідатараў.

Паводле Аляксандра Мілінкевіча, існуюць сур’ёзныя падставы сьцьвярджаць аб замоўчваньні ўладамі праблемаў, зь якімі сутыкаюцца ліквідатары, людзі, што жывуць на забруджаных тэрыторыях, усе грамадзяне Беларусі, якім у выніку палітыкі ўладаў даводзіцца спажываць прадукты харчаваньня з забруджаных тэрыторый.

Спадар Мілінкевіч заявіў пра тупіковасьць сацыяльна‑эканамічнай палітыкі беларускіх уладаў, што не дазваляе эфэктыўна вырашаць паўсталыя праблемы, а таксама атрымліваць у неабходным аб’ёме міжнародную дапамогу ў справе мінімізацыі наступстваў аварыі.

Старшыня тэлекампаніі [Аляксандар Зімоўскі] ў сваім адказе выказаў сумнеў у кампэтэнтнасьці А.Мілінкевіча і незалежных экспэртаў. Ён сказаў, што ў эфір выйдуць перадачы па чарнобыльскай тэматыцы, у якіх апавядаецца пра тое, што Беларусь адна змагаецца з наступствамі гэтай катастрофы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?