Тамтэйшая грамадская школа польская святкуе свой 20‑гадовы юбілей не ў мясцовым Доме культуры, а ў маленькім зале афіцыйна зачыненага будынка.

Як паведаміла заснавальнік і кіраўнік школы Альжбета Даленга‑Вжосэк, да юбілею, на які з’едуцца каля сотні гасцей з Беларусі і Польшчы, яны нанялі залу ў баранавіцкім Доме культуры будаўнікоў. Але нечакана за тыдзень да свята патэлефанавалі з кіраўніцтва Дома культуры і паведамілі: папярэдняя дамоўленасць скасавана. Як кажуць мясцовыя палякі, быццам бы шырокае святкаванне юбілею не спадабалася мясцовым уладам.

— Для нас гэта навіна была дзіўнай, бо за ўсе 20 год ніякай палітычнай прапагандай мы не займаліся, дзеці сюды прыходзілі толькі вучыцца. Прыйдзецца цяпер збірацца на свята ў маленькай зале Дома польскага. Безумоўна, месца там мала, але што зробіш? Спадзяюся, хоць там ніхто перашкаджаць не стане, — з сумам канстатуе Альжбета Даленга‑Вжосэк.

Нагадаем, што будынак Дома польскага ў Баранавічах афіцыйна зачынены ў студзені гэтага года ў сувязі з парушэннем пажарных і санітарных патрабаванняў. Нягледзячы на гэта, у лютым пры дазволе гарвыканкама там было праведзена традыцыйнае ўрачыстае мерапрыемства, на якім за сто дзён да выпуску сустракаліся навучэнцы школы і іх бацькі.

Гісторыя грамадскай школы польскай у Баранавічах пачалася ў 1987 годзе, калі настаўніца Альжбета Даленга‑Вжосэк выйшла на пенсію. Яна пераехала ў Беларусь з Польшчы ў 1939 годзе, каб уратавацца ад немцаў, і так засталася тут жыць. Па просьбе мясцовага люду спадарыня Альжбета пачала вучыць польскай мове дзяцей.

Спачатку заняткі праходзілі ў яе дома, куды прыходзілі васемнаццаць чалавек. Вучняў станавілася ўсё больш і больш. Дачка пані Альжбеты, якая працавала дырэктарам Дома культуры будаўнікоў, выдзеліла два памяшканні, дзе змаглі збірацца ўжо пяцьдзесят чалавек. Праз некалькі год у Баранавічах пабудавалі нарэшце Дом польскі, які стаў сапраўдным домам для школы.

У апошні год на заняткі туды прыходзілі 307 дзяцей з першага па адзінаццаты клас. Пару год таму іх колькасць дасягала 600 чалавек.

Альжбета Даленга‑Вжосэк за сваю дзейнасць атрымала «Залаты крыж» — адну з вышэйшых узнагарод Польшчы.

Сяргей Карабанаў, «Грамадская трыбуна», Bulletinonline

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0