Кіраўнік урада іспанскай аўтаноміі Каталонія заклікаў да правядзення датэрміновых рэгіянальных выбараў, якія многія аналітыкі ўжо разглядаюць як рэферэндум наконт пытання аб аддзяленні ад Іспаніі.

Выступаючы ў аўторак на пасяджэнні парламента аўтаноміі, старшыня ўрада Каталоніі Артур Мас абвясціў, што выбары пройдуць 25 лістапада.

Ён таксама заявіў, што прычынай, якая падштурхнула яго абвясціць пра датэрміновыя выбары, стала дэманстрацыя, якая прайшла ў Барселоне пад лозунгам прадастаўлення незалежнасці Каталоніі, а таксама адмова цэнтральнага ўрада даць аўтаноміі магчымасць самастойна вызначаць узровень падатковых адлічэнняў у мясцовы бюджэт.

На дэманстрацыю ў падтрымку незалежнасці Каталоніі, якая прайшла ў Барселоне 11 верасня, сабраліся каля паўтара мільёна чалавек. Удзельнікі акцыі запатрабавалі незалежнасці ад Мадрыда, а таксама змены падатковага заканадаўства Іспаніі.

«Я не магу грэбаваць меркаваннем маіх выбаршчыкаў у абмен на ўласны дабрабыт», — сказаў кіраўнік урада Каталоніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?