Таварыства беларускай школы, Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» і іншыя беларускія грамадзкія арганізацыі заснавалі прэмію імя Вацлава Ластоўскага для беларускамоўных выкладчыкаў ВНУ.
Заснавальнікі кажуць, што асноўнай мэтай гэтай прэміі ёсьць «пільная патрэба ў маральнай падтрымцы беларускамоўных выкладчыкаў вышэйшай школы, стымуляваньня выкладаньня па-беларуску». Найперш гэта прэмія датычыць выкладчыкаў дысцыплінаў, якія рэдка ва ўнівэрсытэтах чытаюцца па-беларуску.
У склад арганізацыйна-прэміяльнай рады ўвайшлі старшыня ТБШ Алесь Лозка, старшыня ГА «Міжнародная асацыяцыя беларусістаў» Сяргей Запрудскі, старшыня ЗБС «Бацькаўшчына» Алена Макоўская, ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі, юрыст Яраслаў Крывой, філёляг Віталь Алісёнак.
Для таго, каб прыняць удзел у конкурсе неабходна да 15 траўня падаць заяўку на e-mail: [email protected] , ці на паштовую скрынку: 220029 Мінск, а/с № 64. Форму падачы заяўкі можна знайсьці па наступным адрасе: nastaunik.info/lastouski .
Вынікі будуць абвешчаныя 30 чэрвеня. Пераможцы атрымаюць ганаровыя шыльды і дыплёмы падчас урачыстай цырымоніі летам 2007 года, а таксама атрымаюць магчымасьць выданьня дапаможніка па курсе, які выкладаюць.