Бабуля зняволенага актывіста партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Яўгена Васьковіча Тамара Уладзіміраўна расказала, што ўжо амаль два месяцы яна нічога не ведае пра лёс унука.

«14 верасня з Яўгенам у Магілёўскай турме № 4 сустрэўся старшыня абласной назіральнай камісіі пры Упраўленні юстыцыі аблвыканкама Віктар Сідарэнка. Перад сустрэчай я дала яму спіс з дзесяці пытанняў, якія прасіла задаць майму ўнуку. Я пыталася пра тое, за што яго кінулі ў карцар, ці атрымлівае ён нашы лісты, ці можа выпісваць газеты, хадзіць у турэмную бібліятэку і іншае. Калі Сідарэнка выйшаў, усё, што ён сказаў, — „у яго ўсё добра“. Так ён адказаў на ўсе дзесяць пытанняў. Але як у яго ў турме можа быць усё добра? Там жа не рай. Ці яму не даюць казаць, ці Сідарэнка недагаворвае», — сказала Тамара Васьковіч.

«Мы не ведаем, што з Яўгенам. З 3 жніўня я не атрымліваю ад яго лістоў.
Ведаю толькі, што ён адмовіўся ад адваката. Кажа, што ён яму не патрэбны, што гэта марнаванне грошай, а нічога добрага ад гэтага няма. У студзені ў нас будзе з ім спатканне. Раз на год можна яму адпраўляць бандэроллю перадачу на 2 кілаграмы», — адзначыла бабуля палітвязня.

Нагадаем, 14 жніўня з Яўгенам Васьковічам сустрэўся праваабаронца Віктар Сідарэнка. Падставай для сустрэчы, якую арганізавала Упраўленне юстыцыі, сталі скаргі на парушэнне правоў арыштаванага актывіста ў пытаннях перапіскі з сваякамі і паплечнікамі. Відавочна, сустрэча была беспаспяховай, калі палітвязню да гэтага часу забараняюць слаць лісты.

Раней Яўген Васьковіч заяўляў, што не збіраецца пісаць прашэнне аб памілаванні. «Я памру, але прашэння не падпішу», — казаў ён.
Палітвязня ў траўні 2011 года разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамалотавым бабруйскі суд прызнаў вінаватым у падпале дзвярэй бабруйскага КДБ. Іх прысудзілі да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму кожнага.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?