Апостальскі нунцый наведаў у турме Паўла Севярынца і перадаў праз яго вітанні іншым палітвязням.
Гэтая вестка дала надзею, што Каталіцкая царква стала пасярэдніцай між уладамі Беларусі і палітвязнямі. Гэта, ёсць спадзеў, можа прывесці да вызвалення вязняў сумлення.
На сайце радыё Ватыкана сёння з’явілася наступнае паведамленне:
«На знак павагі да ўніверсальнага маральнага аўтарытэту Святога Айца і гуманітарных намаганняў Святога Пасаду, у рамках двухбаковых дыпламатычных адносін, папскаму прадстаўніку ў Мінску,
арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроці, было дазволена наведаць некаторых зняволеных у турмах Беларусі. Гаворка ідзе пра Каваленку, Сырамолатава, Статкевіча, Бяляцкага, Дашкевіча, Лобава і Севярынца. Апостальскі нунцый сустрэўся з кожным з гэтых зняволеных у месцах пазбаўлення волі, даведаўся пра іхны стан і выслухаў іх. Ён перадаў ім малітвы Святога Айца і каталікоў за іх і іх сем’і».

Як вядома, палітвязень Сяргей Каваленка выйшаў на свабоду ўчора, праз пэўны час пасля падпісання прашэння аб памілаванні. Вядома, што такое прашэнне таксама напісаў анархіст Сырамолатаў. Менавіта яны ўваходзяць у спіс наведаных апостальскім нунцыем.

Пасля выхаду на свабоду Каваленкі ўсяго ў турмах Беларусі цяпер застаецца 13 палітзняволеных. Яшчэ значная група людзей маюць умоўныя тэрміны або абмежаваны ў правах пасля зняволення.

Папа Бенедыкт XVI прымаў Аляксандра Лукашэнку ў 2009 годзе ў Ватыкане. Гэта быў першы заходні візіт кіраўніка Беларусі пасля доўгага перыяду ігнаравання яго еўрапейскай супольнасцю за парушэнні правоў чалавека і нормаў прыстойнасці.

«Каментаваць гэтае паведамленне радыё Ватыкана перавышае мае паўнамоцтвы, а нунцыя ў краіне няма», — адказаў «Нашай Ніве» супрацоўнік апостальскай нунцыятуры.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?