Мікалай Мамінаў, фотамастак, аператар-пастаноўшчык праектаў цэнтральных беларускіх каналаў, выдаў кнігу «Візуальныя рашэнні тэлепраграм».

У кнізе аўтар падрабязна, з веданнем справы падзяліўся з чытачамі тым, як ствараліся рэйтынгавыя тэлевізійныя праекты:

«Ноч з Ганнай Бонд» (БелМузТБ); 120/80 News з Кацяй Пытлевай і Люсяй Лушчык; «Контуры», «Выбар» і «Наша раніца» (ОНТ); «Культурныя людзі» з Алінай Краўцовай, «Ранішняя хваля» з Ірай Клёнавай, «Фігуры» з Аляксандрай Гайдук (Беларусь-1); «Культпрасвет» з Ганнай Бонд і «Беларуская кухня» з Аленай Спірыдовіч (Беларусь-2).

У кнізе ёсць цікавая інфармацыя не толькі пра тэлевытворчасць, але і пра працу аўтара над музычнымі кліпамі, а таксама рэкламнымі і іміджавымі ролікамі.

У прафесійным асяроддзі Мікалай Мамінаў вядомы як аматар авангарднага мастацтва, абстракцыянізму, сюррэалізму, поп-арта, кітчу і ўсяго таго, што ўтрымлівае ў сабе паняцце «трэш». Менавіта таму ў сваёй дэбютнай кнізе аўтар прапануе нестандартныя рашэнні здымачнага працэсу, якія змяняюць устойлівыя стэрэатыпы, агульнапрынятыя стандарты і нормы працы на тэлебачанні.

У каментары для БелаПАН Мамінаў адзначыў: «Гэта выданне будзе не проста цікава самаму шырокаму колу чытачоў, але, я спадзяюся, стане практычнай дапамогай для спецыялістаў, якія працуюць ці плануюць пачаць працаваць на тэлебачанні».

З кнігай ужо цяпер можна азнаёміцца ў бібліятэках Мінска, а таксама набыць яе ў кнігарнях горада. Наклад выдання 500 асобнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?