Пасля Вялікадня Ватыкан рыхтуецца да новых урачыстасцяў: у панядзелак 16 красавіка 2007 г. Бэнэдыкт XVI будзе адзначаць свой 80‑ы дзень нараджэння, а 19 красавіка адзначыць другую гадавіну свайго пантыфікату.
Напярэдадні дня нараджэння, 15 красавіка, Святы Айцец будзе цэлебраваць урачыстую святую Імшу на плошчы Святога Пятра. Для ўдзелу ў гэтай Імшы прыбудуць шматлікія вернікі з роднай Папу Бэнэдыкту XVI Баварыі, для дастаўкі якіх будуць арганізаваныя спецыяльныя рэйсы. Сваю прысутнасць на ўрачыстасці пацвердзіў таксама прэм’ер‑міністр гэтай федэральнай зямлі Эдмунд Штойбер. З Вялікадня спецыяльным госцем Папы з’яўляецца яго брат ксёндз Георг Ратцынгер, з якім Святы Айцец праводзіць тыднёвы адпачынак у Кастэль Гандольфо.
Увечары сімфанічны аркестр Штутгарцкага радыё выканае ў зале Паўла VI канцэрт у гонар Бэнэдыкта XVI, падчас якога прагучаць улюбёныя творы Святога Айца, і перш за ўсё канцэрт для скрыпкі з аркестрам соль‑мажор Вольфганга Амадэя Моцарта.
У дзень нараджэнне Бэнэдыкта XVI у кнігарнях Італіі, Германіі і Польшчы з’явіцца яго новая кніга «Езус з Назарэта. Ад хросту ў Ярдане да Перамянення». Мяркуецца, што яна будзе перакладзена як мінімум на 30 моваў. Яе напісанне кардынал Ёзаф Ратцынгер распачаў улетку 2003 года. Падрыхтаваная да друку кніга з’яўляецца часткай больш вялікай працы, прысвечанай зямному жыццю Збаўцы. Ва ўступе Папа падкрэслівае, што кніга не з’яўляецца выразам яго апостальскага вучэння, а, хутчэй, вынікам асабістых пошукаў і роздумаў, таму чытач можа не згаджацца з яго меркаваннямі.
Юбілей Папы не пакіне без увагі таксама ватыканская пошта, якая з гэтай нагоды выдасць адмысловы штэмпель і канверт з эмблемай. На штэмпелі з гербом Папы будзе змешчаны надпіс: «Benedictus XVI vitae LXXX explet annum» (Бэнэдыкту XVI — 80 гадоў).
Дзень нараджэння Папы ў Ватыкане будзе выходным днём, а кожны супрацоўнік атрымае грашовую прэмію ў пяцьсот еўра.
19 красавіка будзе адзначана другая гадавіна выбару Папы Бэнэдыкта на Пасад святога Пятра.