Андрэя Чарнякевіча, дацэнта Гродзенскага ўніверсітэта, аднаго з аўтараў нашумелай кнігі «Гродназнаўства» сёння ўніверсітэцкі прафкам дазволіў наймальніку звольніць з працы. Афіцыйная фармулёўка: за сістэматычнае парушэнне працоўнай дысцыпліны. Сам Чарнякевіч і яго калегі не маюць сумневаў, што сапраўдная прычына — удзел у напісанні кнігі «Гродназнаўства».

Андрэя Чарнякевіча некалькі тыдняў таму ўжо былі звольнілі з працы ва ўнівэрсітэце, але паколькі ён у той час быў у шпіталі — аднавілі.

Тры дні таму прафкам унівэрсытэту большасьцю галасоў выступіў супраць звальненьня Чарнякевіча, а вось сёньня ўсе аднагалосна прагаласавалі за тое, каб яго звольніць. Паседжаньне прафкаму адбылося безь яго ўдзелу.

Чарнякевіч: «Спачатку сказалі, што анулявалі папярэдняе рашэнне, бо не было кворуму, а сёння мне намеснік старшыні прафкама патлумачыў, што была парушана працэдура. Маўляў, спачатку павінны былі разгледзець справу на камісіі, а потым галасаваць. Думаю, гэта проста звычайная камбінацыя, каб неяк абгрунтаваць рашэнне».

Сістэматычным парушэннем працоўнай дысцыпліны назвалі тое, што Чарнякевіч замяніўся з іншым выкладчыкам, каб той правёў лекцыю замест яго.
Сам Чарнякевіч кажа, што замяніўся па стане здароўя, папярэдзіўшы сваіх кіраўнікоў, і што гэта звычайная практыка, калі замена робіцца без пісьмовых загадаў, на ўзроўні мясцовага кіраўніцтва.

Андрэй Чарнякевіч сказаў, што не можа больш ні пра што гаварыць, бо дрэнна сябе адчувае.

Прафесар Вячаслаў Швед, таксама аўтар «Гродназнаўства», даведаўшыся пра звальненне Чарнякевіча, кажа, што сам папросту ў роспачы. Ён не выключае, што на гэтым сістэма не спыніцца, але пакуль прагназаваць нічога не бярэцца.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?