У пасёлку Сенніца Мінскага раёна 4 кастрычніка Цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі «Ветразь» правядзе прыродаахоўную акцыю па падтрымцы папуляцыі кажаноў, якія жывуць паблізу населеных пунктаў.

Як паведаміў каардынатар акцыі Руслан Шайкін, яна арганізавана пры падтрымцы Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і прымеркавана да Міжнароднага дня абароны жывёл, які адзначаецца ў гэты дзень.

Паводле слоў Шайкіна, падчас акцыі старшакласнікі школ Мінскага раёна возьмуць удзел у вырабе домікаў для кажаноў — рудых вячэрніц.

Адной з праблем іх існавання з’яўляецца недахоп натуральных сховішчаў: дуплаватыя дрэвы, якія рыжыя вячэрніцы выбіраюць для жылля, паўсюдна высякаюцца. Мяркуецца, што будаўніцтва некалькіх дзясяткаў домікаў для кажаноў будзе спрыяць захаванню іх папуляцыі ў Мінскім раёне. Частка домікаў будзе развешана на тэрыторыі Цэнтра турызму і краязнаўства, частка — паблізу школ, навучэнцы якіх возьмуць удзел у акцыі.

Як адзначыў Шайкін, рудыя вячэрніцы не занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, аднак на тэрыторыі еўрапейскага кантынента ўсе кажаны знаходзяцца пад аховай. З-за выбару месцаў рассялення паблізу ад чалавечага жылля гэтыя рукакрылыя асабліва ўразлівыя. Паводле слоў спецыяліста, 2012 год абвешчаны Сусветным годам кажана. Гэта зроблена па ініцыятыве Пагаднення па захаванні папуляцый еўрапейскіх відаў рукакрылых пры падтрымцы Праграмы ААН па захаванні навакольнага асяроддзя.

Шайкін адзначыў, што ў Беларусі такая акцыя ў падтрымку кажаноў праводзіцца ўпершыню.

Ён разлічвае, што праца па захаванні папуляцыі кажаноў у Мінскім раёне будзе працягнута. Спецыялісты маюць намер адсачыць, наколькі домікі запатрабаваныя рукакрылымі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?