ТВ, 16 красавіка, панядзелак

АНТ, 00.00

Хто баіцца Вірджыніі Вульф? (Who's Afraid of Virginia Woolf?)

ЗША, 1966, чорна-белы, 129 хв.

Рэжысэр: Майк Нікалс

Ролі выконваюць: Элізабэт Тэйлар, Рычард Бэртан, Джордж Сігел, Сэндзі Дэніс

Жанр: Драма паводле аднайменнай п’есы Эдварда Олбі

“Оскары” Элізабэт Тэйлар і Сэндзі Дэніс, як лепшым актрысам, прэміі “Оскар” за лепшую апэратарскую працу (Гаскел Ўэксьлер), працу мастака (Рычард Сылбэрт), дэкаратара (Джорджа Гопкінза), дызайнэра па касьцюмах (Айрын Шараф).

Вярнуўшыся пасьля вячэры ў коле ўнівэрсытэцкіх сяброў, ціхмяны прафэсар Джордж высьвятляе, што ягоная крыклівая жонка Марта запрасіла “на працяг бяседы” маладога навукоўца з супругай. Бяседа станецца бурнай, стоеныя крыўды вырвуцца на волю, а ноч станецца дэкарацыяй для сямейнага пекла…

Клясычная п’еса Эдварда Олбі, якая бязьлітасна агаляла “хатнія канфлікты”, служыла мэтафарай улады й старасьці-маладосьці, была люстэркам істэблішмэнту й выбухам любові-нянавісьці, – выклікала шок.

Карціна правакатара Майка Нікалса (“Выпускнік”, “Плоцевыя веды”) узмацніла жарсьці: на галоўныя ролі былі запрошаныя Элізабэт Тэйлар і Рычард Бэртан, якія былі мужам і жонкай і двойчы са скандаламі касавалі ўласныя шлюбы.

Дзякуючы рэжысэру, фільм не стаўся статычнай тэатральнай экранізацыяй. Зарука гэтаму й чорна-белыя апэратарскія чары Гаскела Ўэксьлера, мастацкае майстэрства Рычарда Сылбэрта, дэкаратара Джорджа Гопкінса й дызайнэра па касьцюмах Айрын Шараф.

А спасылка на Вірджынію Вульф – з улікам рэпутацыі пісьменьніцы – цалкам апраўданая.

Усе фільмы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?