Назіральнікі не маглі паўнацэнна сачыць за працэдурай падліку галасоў на выбарчых участках у Беларусі. Пра гэта заявіў у інтэрв’ю БелаПАН кіраўнік місіі назіральнікаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) Антоніа Мілашоскі напярэдадні свайго ад’езду з Беларусі.

«З дыстанцыі сем метраў можна глядзець тэлевізар, але немагчыма ажыццяўляць паўнацэннае назіранне за падлікам галасоў», — сказаў Мілашоскі.

«Справа не ў адлегласці, а ў даверы — ці існуе поўны давер да тых назіральнікаў, якіх вы запрасілі назіраць за ходам выбарчай кампаніі, і ці гатовыя даць ім магчымасць прысутнічаць пры падліку галасоў і забяспечваць такім чынам празрыстасць працэдуры», — падкрэсліў кіраўнік місіі.

«Але калі працэдура падліку галасоў з’яўляецца прывілеяй выключна членаў выбарчай камісіі, а назіральнікі не могуць паўнацэнна за ёй сачыць, узнікаюць пэўныя сумненні», — дадаў ён.

Паводле слоў Мілашоскі, адсутнасць у Беларусі строга пэўнай працэдуры падліку галасоў не дае гарантый іх сумленнага падліку. «Важным з’яўляецца не толькі тое, хто і як галасуе, але і тое, хто і як гэтыя галасы падлічвае», — падкрэсліў кіраўнік місіі БДІПЧ.

Мілашоскі таксама пракаментаваў выказванне старшыні ЦВК Беларусі Лідзіі Ярмошынай, якая заявіла журналістам 28 верасня: сур’ёзнай заўвагай папярэдняга даклада БДІПЧ АБСЕ па выніках выбараў з’яўляецца тое, што 37% назіральнікаў палічылі, што ім не было дадзена дастаткова магчымасцей для назірання за падлікам галасоў. Але пры гэтым дадала: «Астатнія назіральнікі БДІПЧ АБСЕ і назіральнікі місіі ад СНД былі задаволеныя магчымасцямі для назірання».

Як зазначыў Мілашоскі, згаданыя кіраўніком ЦВК 37% — «гэта вельмі высокая і негатыўная ацэнка такой працэдуры падчас мінулых выбараў». Менавіта з-за адсутнасці магчымасці ўсіх назіральнікаў нармальна сачыць за падлікам галасоў місія БДІПЧ АБСЕ і ацаніла працэдуру падліку як дрэнную, падкрэсліў ён.

Мілашоскі паведаміў, што на сустрэчы з Лідзіяй Ярмошынай ужо пасля выбараў члены місіі БДІПЧ АБСЕ «выказалі сваё расчараванне».
«Мы сказалі, што пытанне паўнацэннай магчымасці назірання за падлікам галасоў — гэта пытанне аб даверы да назіральнікаў. Мы таксама растлумачылі, што празрыстасць гэтай працэдуры з’яўляецца ключавым момантам пры правядзенні выбараў. І гэта важна нават не для міжнародных назіральнікаў, а для выбаршчыкаў», — паведаміў Мілашоскі.

На сустрэчы з кіраўніком ЦВК пасля выбараў закраналася таксама пытанне аб прызначэнні членаў выбарчых камісій. «Я лічу, што працэс прызначэння членаў выбарчых камісій павінен быць яшчэ больш інклюзіўным. Такім чынам, празрыстасць і давер павінны будавацца з самага пачатку. Участковыя выбарчыя камісіі не павінны быць закрытым кругам людзей, якія раздзяляюць нейкія агульныя інтарэсы, напрыклад, на працы, а затым, гэтак жа закрыта, ажыццяўляюць сваю працу ў якасці членаў выбарчых камісій», — зазначыў Мілашоскі.

Лідзія Ярмошына, паводле яго слоў, гэтыя заўвагі ніяк не пракаментавала. «Тым не менш нават адсутнасць нейкага каментарыю мы прымаем як адказ», — сказаў кіраўнік місіі назіральнікаў БДІПЧ.

Ацэньваючы ўмовы працы ў Беларусі ў цэлым, Мілашоскі заявіў, што ў місіі назіральнікаў БДІПЧ «было плённае і добрае супрацоўніцтва з усімі акруговымі і ўчастковымі выбарчымі камісіямі».

«Магчыма, узнікалі нейкія нязначныя інцыдэнты з прычыны недастатковага разумення з-за валодання рознымі мовамі. Але ў цэлым супрацоўніцтва было станоўчым, і мы вельмі рады, што сп. Ярмошына зазначыла, што ўсе нашы назіральнікі прыехалі сюды з добрым настроем, добрым стаўленнем і добрымі намерамі», — заўважыў Антоніа Мілашоскі.

Візіт кіраўніка місіі БДІПЧ АБСЕ ў Беларусь завяршаецца 4 кастрычніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?