Надзея Кучар.

Надзея Кучар.

Салістка Пермскага тэатра оперы і балета (Расія), сапрана з Беларусі Надзея Кучар выйграла 49-ы Міжнародны конкурс вакалістаў, які праходзіў з 21 па 30 верасня ў Галандыі.

Кучар заваявала Гран-пры, прыз глядацкіх сімпатый, а таксама прыз імя Ераніма Босха.

За перамогу ў гэтых намінацыях Кучар атрымае 12,5 тысячы еўра. Агульны прызавы фонд конкурсу, які праводзіцца з 1954-га раз у два гады, складае 45 тысяч еўра.

Усяго ў конкурсе, які лічыцца для вакалістаў адным з самых прэстыжных у свеце, прынялі ўдзел каля 240 выканаўцаў з 40 краін, сярод якіх былі прадстаўнікі Кітая, Японіі, Расіі, Галандыі і Украіны.

Адборачныя туры праходзілі ў Амстэрдаме і Рызе, а сам конкурс — у галандскім Хертагенбасе. Для ўдзелу ў чвэрцьфіналах былі адабраныя 32 спевакі.
Згодна з правіламі конкурсу, вакалісты павінны былі выканаць 9 оперных арый, шэсць песень і некалькі новых твораў, адзін з якіх павінен быць напісаны сучасным галандскім кампазітарам. Акрамя таго, удзельнікі спаборніцтваў павінны спяваць як мінімум на трох мовах.

Надзея Кучар нарадзілася ў 1983 годзе ў Мінску. Яна скончыла Мінскае музычнае вучылішча імя Глінкі, вучылася ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі імя Рымскага-Корсакава. У 2007 годзе ў тэатры кансерваторыі дэбютавала ў ролі Марфы ў оперы Рымскага-Корсакава «Царская нявеста». У 2009 годзе Кучар выступіла ўпершыню на сцэне Міхайлаўскага тэатра — яна выканала партыю Віялеты ў оперы Вердзі «Травіята».

Найбольшы поспех спявачцы прынесла партыя Медэі ў оперы Паскаля Дюсапена Medeamaterial, якая была прадстаўлена на «Дзягілеўскім фестывалі-2012».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?