Нацыянальны мастацкі музей выставіў карціны мастакоў славутай Парыжскай школы, што нарадзіліся на Беларусі. «Ты чуў? — спытаў я ў Вілена. — Там ёсць карціна Суціна…»

Хаім Суцін. «Вялікія лугі ў Шартры ля віадука». 1933-1934 гг.

Хаім Суцін. «Вялікія лугі ў Шартры ля віадука». 1933-1934 гг.

Яфім Гольба, 1960-я.

Яфім Гольба, 1960-я.

Яфім Гольба. «Закаханыя ў святле ліхтароў». 1960-я.

Яфім Гольба. «Закаханыя ў святле ліхтароў». 1960-я.

Вілена я адшукаў у шпіталі ветэранаў вайны. Што ж, надышоў, відаць, час дзецям вайны лячыцца ў шпіталях для яе ветэранаў…

Мы не бачыліся амаль пятнаццаць гадоў, за якія ён паспеў у сваім Валожыне намаляваць мноства карцін, нарэзаць з дрэва мноства скульптур, якія раз’ехаліся па розных краінах, і зусім пасівець. «Ты памятаеш, як вы з Гольбам ездзілі ў Смілавічы?» — запытаўся я…

Гэту гісторыю — як яны з Віленам ездзілі ў Смілавічы — я чуў менавіта ад Гольбы.

Быў 1960, магчыма, 1961 год. Яны толькі вярнуліся з Казахстана, дзе пасля школы тры гады будавалі чыгунку ў Кітай.
Гольба падаўся на філфак, Вілен — у тэхналагічны, на лесавода. Абодва захапляліся Ван Гогам, Пікаса і Далі, самі малявалі ў ідэалагічна недазваляльных абстракцыянізме ды сюррэалізме, а Гольба яшчэ і пісаў вершы: «…Когда парное молоко сольётся с древних колоколен…»

Так, абодва былі таленавіты, Гольба — таленавітыя шалёна. І даволі хутка заззяў у сутарэннях мінскага андэграўнду.

Якім сярэднявечным скразняком занесла на Беларусь семя невядомага, мусіць, іспанскага, габрэя?
Так, не толькі прозвішчам, але і знешне Гольба быў вельмі падобны на вытанчонага іспанца. Праўда, бацька ягоны выглядаў значна прасцей. Магчыма, таму, што ўсю вайну сядзеў, скурчыўшыся, у бамбавозе і здымаў з вышыні наступствы бамбёжак. Гольба паказваў мне тыя здымкі. Пякельны пейзаж…

«Так, — адказаў Вілен, — пра Суціна і пра тое, што ён са Смілавіч, мы ўпершыню даведаліся з мемуараў Эрэнбурга… Ну, і паехалі ў Смілавічы. Якраз быў кірмаш, нейкі дзядок-габрэй падказаў адрас: Камсамольская ці 15, ці 115…» «Вы нешта шукалі? Гольба распавядаў мне, што ўзлазілі нават на падстрэшша…» «Не-не, пляменніца Суціна так напалохалася, што далей парогу не пусціла…»

Гольба з’ехаў у Амерыку ў 1975-м. Гадоў за сем да таго яго адшукаў Сяргей Параджанаў, які амаль употай прывёз у Мінск свой апошні шэдэўр — «Цвет граната». Убачыў у мастацкім салоне ластавак, якіх Гольба дзеля заробку маляваў на самаробнай парцаляне, набыў усіх і папрасіў Алега Белавусава зладзіць сустрэчу. Алег патэлефанаваў мне…

Да Параджанава, у гатэль «Мінск» мы пайшлі з Гольбам ўдвух. У нумары было шмат народу, ліўся каньяк… Мы прыладзіліся на ўскрайку кампаніі, Параджанаў дастаў з кішэні «ластавак»: «Вашы?». І адразу прапанаваў Гольбе папрацаваць мастаком на ягоным новым фільме. Але тут, зварухнуўшы паветра, з грукатам расчыніліся дзверы і нехта хударлявы артыстычна бухнуўся каленямі аб падлогу: «Сярожа, ты — геній!» Мы паціху сышлі…

Параджанава праз нейкі час кінулі за краты. А Гольба з’ехаў у Амерыку. Разам з рэштай карцін ад раздораных ці згубленых па прытулках.

Апошні раз мы выпадкова сустрэліся на плошчы Перамогі, на тралейбусным прыпынку… «Ну, усё, стары, атрымаў дазвол. Еду… Не-не, праводзіць не трэба, у цябе будуць непрыемнасці. Давай тут развітаемся…» І ён моцна сціснуў мяне ў абдымках. Падышоў тралейбус. Гольба ўскокнуў ў яго, развітальна замахаў з-за шкла, а я раптам убачыў, як кіроўца нацягвае гумавыя пальчаткі, каб перавесці штангі на правады, якія вядуць па коле плошчы ў парк… «З вяртаннем на радзіму!» — абняліся ізноў. «Так, стары, жыццё — замкнёнае кола…», — стрымана усміхнуўся Гольба…

Праз колькі год па Мінску разнеслася чутка, што Гольба вярнуўся і нават жыве, дзе жыў.

Гэту чутку данёс да мяне яшчэ адзін тагачасны ягоны сябра. Заўважна было, што ён неяк палахліва ўзрушаны нечаканай весткай. І сапраўды, адносіны паміж імі былі складанымі: ці то варожае сяброўства, ці то сяброўская варожасць… Сёння ён знакаміты, паспяховы, так бы мовіць, мастак — персанальныя выставы, замежныя пакупнікі…

Я, вядома, паехаў у стары драўляны барак. Зараз на тым месцы уздымаюцца шкляныя гмахі, а тады я прасунуўся па трухлявай падлозе, праз прыкра-салодкі пах газовак і волглую бялізну, развешаную на вяроўках, у канец цьмянага калідора. На абдрапаных дзвярах вісеў вялізны замок. Раптам з-пад прасцірадлы высунуўся п'янаваты мужчына з мурзатым дзіцёнкам на руках. «Тут вось жыў мастак, — нагадаў я, — з’ехаў у Амерыку, а зараз, гавораць, вярнуўся…» «Сюды?!»

Калі-нікалі ад агульных знаёмых, што бачыліся з ім, даходзілі да мяне звесткі пра ягонае амерыканскае жыццё.
«Ён піша цудоўныя карціны, — распавядаў адзін з іх, — апошняя проста геніяльная, «Зорка, што ўпала ў кубак з малаком». Сцвярджае, што за яе мільён даляраў дадуць. Але не прадае…»

А ці не з пяць гадоў таму наладзіліся паміж намі тэлефонныя размовы. «Стары, — усклікнуў аднойчы Гольба, — я за адзін крок да мільёна!» Але я не даведаўся, ці пераадолеў ён гэты крок — у хуткім часе тэлефон у начлежцы для бяздомных канчаткова аглух…

…Карціну Суціна «Вялікія лужкі ў Шартры ля віадука», адзіную на выставе, мы ўбачылі неяк знянацку. Вілен то набліжаўся да яе, то глядзеў здалёк. Раптам прамовіў: «Ведаеш, чымсьці нагадвае Лошыцу. Гольба вельмі любіў маляваць Лошыцу…»

* * *

«…У Суціна былі вочы зацкававанага звера, мусіць, ад голаду. Ніхто не звяртаў на яго ўвагі. Ці магчыма было сабе ўявіць, што пра працы гэтага кволага падлеткі, нараджэнца беларускага мястэчка Смілавічы, будуць марыць музеі ўсяго свету?». (Ілля Эрэнбург, «Люди, годы, жизнь», 1960-я.)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?