У мэдыі трапіў ананімны ліст са сцэнаром імавернага разгону «беларускага Майдану». Падрабязна апісаны арсэнал. Асабліва мусяць уразіць публіку гранаты «Тайфун-М» з адмысловым газам, пад узьдзеяньнем якога ўсе спантанна робяць у штаны. Трэба думаць, спэцназ будзе ў адгазьніках. Мо «джынсавую рэвалюцыю» выратуюць у такім разе пампэрсы?

А цяпер сур’ёзна.

Найхутчэй, ва ўладаў ёсьць некалькі сцэнароў утрыманьня сытуацыі, у тым ліку і найгоршы, кажа палітоляг Валер Карбалевіч. Мабыць, падрыхтаваны і адпаведны арсэнал спэцсродкаў. Разам з тым, мяркуе экспэрт, рэжым палічыў бы за лепшае абысьціся безь вялікага гвалту. Асабліва калі столькі чужых вачэй — зьехаліся ж назіральнікі, журналісты з усяго сьвету. Лепей давесьці ім славутую стабільнасьць, чым як пацьвердзіць рэпутацыю дыктатуры.

Згадайма 2001, 2004 гады. І падчас мінулых прэзыдэнцкіх выбараў, і як быў апошні рэфэрэндум, улада паводзіла сябе незвычайна рахмана. «Разбор палётаў» ладзіўся потым.

Мо й сапраўды ў сілавых структурах ёсьць ананімы, якія спачуваюць апазыцыі. Але ўвогуле выглядае на тое, што рэй там вядуць іншыя адмыслоўцы.

Пагартайце падручнікі псыхалягічнай вайны — і вы ўбачыце, што шэраг сэнсацыяў апошняга часу (напрыклад, пра апазыцыйных шагідаў) — цалкам у рэчышчы ейных канонаў.

Псыхалягічная вайна — зусім не мэтафара, як думаюць многія. Гэта добра распрацаваная навука. Сэнс палягае у тым, што спэцыяльныя органы адной дзяржавы адмысловымі сродкамі ўзьдзейнічаюць на насельніцтва і войскі іншай дзяржавы, каб іх дэмаралізаваць.

Гэта клясычнае вызначэньне. Спэцыфіка ж нашае сытуацыі ў тым, што адмысловы арсэнал (напрыклад, запалохваньне праз чуткі, у якіх боб зьмяшаны з гарохам) ужываецца супраць значнай часткі насельніцтва ўласнай краіны. У вобраз «купкі адмарозкаў» найперш ня вераць самі яго стваральнікі.

Экспэрты і раней казалі: фактычна, ідзе ціхая грамадзянская вайна. Нядаўна палітоляг Сьвятлана Навумава ўвогуле зазначыла, што ў выніку каштоўнаснага канфлікту ўнутры Беларусі сфармаваліся дзьве краіны. І між імі — антаганізм.

Сапраўды, у такім разе выкарыстаньне псыхалягічнае зброі па-свойму заканамернае. На вайне як на вайне.

Але гэта зброя двухбаковавострая. Так, распачатая вярхамі «вайна рэйтынгаў» ударыла бумэрангам. Выступы апазыцыйных кандыдатаў паказалі фэномэн голага караля. Улада пачала апраўдвацца, і стала зразумела, што яе маральна-псыхалягічная бронекамізэлька не трывае трапных піяраўскіх стрэлаў.

Больш за тое, зьнішчыўшы незалежныя мэдыі, улада стварыла глебу для хуткага распаўсюду пагібельных для сябе чутак. Згадайце, як летась краіну накрыў розгалас пра «новы чарнобыльскі выбух» — і ўвесь прапагандысцкі апарат стаўся бездапаможным.

Калі 19 сакавіка «вуліца» станецца шматлікай, гэта можа ператварыцца для апанэнтаў рэжыму ў зброю стрыманьня, ня горшую за той «Тайфун-М».

Вядома ж, псыхоз можа штурхануць і на дурное. Але ўвогуле цяжка паверыць, што наверсе — пры ўсёй празе ўлады — так і мараць набыць сталы ярлык «крывавай хунты».

Усе псыхалягічныя атакі разьбіваюцца аб маральны дух. Дэмакраты маюць шанец годна, мірна паказаць свой патэнцыял, сваю моц ды згуртаванасьць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0