«Затрыманьне і крымінальны перасьлед пяці актывістаў «Маладога фронту» абсалютна недапушчальныя», — заявіў старшыня Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Рэне ван дэр Ліндэн 17 красавіка на прэс‑канфэрэнцыі ў Страсбургу, ‑‑ паведамляе БелаПАН.

Нагадаем, што ў дачыненьні да пяці моладзевых актывістаў — Барыса Гарэцкага,Дзмітрыя Федарука, Алега Корбана, Анастасіі Палажанкі і Аляксея Янушэўскага — заведзена крымінальная справа. Яны абвінавачваюцца ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі (артыкул 193‑1 Крымінальнага кодэкса). Маладым людзям пагражае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін да двух гадоў.

«Я шчыра спадзяюся, што беларускі ўрад спыніць адпраўляць у турмы тых, хто ўсяго толькі свабодна выказвае сваё меркаваньне і ўдзельнічае ў дэманстрацыях. Гэта стала бы добрым сыгналам аб гатоўнасьці да супрацоўніцтва», — сказаў кіраўнік ПАРЭ.

Яшчэ адным знакам імкненьня «зблізіцца з эўрапейскімі структурамі і стаць сябрам Рады Эўропы», адзначыў Рэне ван дэр Ліндэн, магла б стаць згода афіцыйнага Менску прыцягнуць міжнародных экспэртаў для пытаньня аб палітычных зьняволеных у Беларусі. Старшыня ПАСЕ падкрэсьліў: калі беларускія ўлады прадэманструюць сваю гатоўнасьць да супрацоўніцтва і дыялёгу, ён не выключае магчымасьці сваёй сустрэчы з вышэйшым кіраўніцтвам краіны.

Радыё Свабода

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0