Па звароце жыхароў Калінкавічаў Камітэт дзяржкантролю Гомельскай вобласці правёў пазапланавую аператыўную праверку Калінкавіцкага раённага спажывецкага таварыства і асобных суб’ектаў гаспадарання, якія гандлююць на рынку «Магістраль».

Як паведамілі ў КДК Гомельскай вобласці, на рынку ўстаноўлены шэраг парушэнняў: ад гандлю пратэрмінаваным таварам да гандлю забароненымі да рэалізацыі таварамі на рынках Беларусі.

Напрыклад, індывідуальны прадпрымальнік гандлявала какосавай стружкай, чаем і араматызатарамі са скончаным тэрмінам прыдатнасці ад 17 да 300 дзён.
Таксама з парушэннем заканадаўства індывідуальныя прадпрымальнікі прадавалі воцат з розных відаў сыравіны, ядахімікаты для барацьбы з бытавымі насякомымі, грызунамі, шкоднікамі садоў і агародаў, сродкі абароны раслін, гандаль якімі на рынках забаронены.

На ўсіх пяці правераных гандлёвых аб’ектах Калінкавіцкага райспажыўтаварыства таксама ўстаноўлены розныя парушэнні.

У магазіне вёскі Малыя Аўцюкі ў продажы знаходзіліся без холаду на працягу сутак скорапсавальныя кулінарныя вырабы без пасведчання аб якасці і маркіровачнага ярлыка.

З гандлёвай сеткі выключаны няякасныя тавары, кошт якіх пакрылі вінаватыя асобы.

Па матэрыялах праведзеных праверак да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу прыцягнута 13 службовых асоб, разглядаецца пытанне аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці Калінкавіцкага райспажыўтаварыства.

Мясцоваму райвыканкаму прапанавана прыняць эфектыўныя меры па забеспячэнні выканання суб’ектамі рознічнага гандлю і грамадскага харчавання гандлёвага і іншага заканадаўства, павышэнні якасці і культуры гандлёвага абслугоўвання насельніцтва і прыцягнуць да адказнасці вінаватых асоб.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?