15 студзеня 2008 году споўніцца 70 гадоў утварэньню Віцебскай вобласьці. Абласныя ўлады ўжо зацьвердзілі пляны сьвяточных мерапрыемстваў.

Менавіта да сьвята адкрыюць шэраг будаўнічых аб’ектаў, сярод якіх водазаборная станцыя ў Лепелі, дзьве шматкватэрныя хаты для дзетак‑сірот ды іхных прыёмных бацькоў у Верхнядзьвінску, будынак цэнтральнай бальніцы ў Гарадку, вучэбныя корпусы сярэдніх школаў у Глыбокім ды Полацку. Напэўна, у гэтыя дні адчыняць і чарговы аграгарадок.

Асаблівую ўвагу віцеблянаў, безумоўна, прыцягне асьвячэньне адбудаванай на старым месцы Сьвята‑Васкрасенскай царквы, грошы на аднаўленьне якой выдзяляліся з абласнога і гарадзкога бюджэтаў, дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў, фірмаў, а таксама зь месьцічаў. Пры гэтым нават не ўлічвалася, да якой веры належыць тая ці іншая асоба. Але тое, што ў цэнтры старажытнага гораду адновіцца адзін з прыгажэйшых помнікаў беларускага дойлідства, ўспрымаецца станоўча.

Ва ўстановах і на прадпрыемствах заплянаваныя выступы чальцоў інфармацыйна‑прапагандысцкіх групаў, ушаноўваньне перадавікоў тых прадпрыемстваў, якія яшчэ працуюць. Школьнікі напішуць адпаведныя сачыненьні, настаўнікі правядуць да гэтай даты тэматычныя ўрокі й выхаваўчыя мерапрыемствы.

У гэтыя дні плянуецца таксама ўсталяваньне памятнага знаку пры ўводзе другой чэргі Цэнтру рамёстваў «Задзьвіньне» і дошкі на адным з будынкаў Віцебскага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту. А ў новым мікрараёне Віцебску адна з вуліцаў атрымае назву 70‑годзьдзя Віцебскай вобласьці.

Алена Грынявіцкая, Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0