Сёння ў Дрэздэне (Германія) завяршаецца 8‑ы чэмпіянат Еўропы па шахматах. Пасля 10 праведзеных тураў толькі адзін прадстаўнік Беларусі — Сяргей Жыгалка не мае паражэнняў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у Міністэрстве спорту і турызму.
У актыве нашага гросмайстра тры перамогі і сем нічыіх. Цяпер у Жыгалкі 6,5 набраных ачкоў і 59‑е месца ў турнірнай табліцы сярод 403 удзельнікаў спаборніцтваў. Перад заключным турам наперадзе Андрэй Валакіцін (Украіна) і прадстаўнік Францыі Уладзіслаў Ткачоў, якія маюць па 7,5 ачка. Іншыя беларускія шахматысты маюць наступныя паказчыкі: Аляксей Аляксандраў — 6 ачкоў, Аляксей Фёдараў і Сяргей Азараў — па 5,5 ачка.
У спаборніцтвах жанчын беларуска Ганна Шарэвіч у дзесяці турах набрала 4,5 ачка і займае 95‑е месца сярод 149 удзельніц турніру.
Сёння ў заключным туры еўрапейскага першынства Сяргей Жыгалка гуляе з Аляксандрам Графам (Германія), Аляксей Аляксандраў — з Аляксандрам Еўдакімавым (Расія), Аляксей Фёдараў — з Марцінам Дзюбам (Польшча), Сяргей Азараў — з Валянцінам Іётавым (Балгарыя), а саперніцай Ганны Шарэвіч будзе турчанка Бетул Юлдыз. Нагадаем, што кантынентальны чэмпіянат праводзіцца па швейцарскай сістэме ў 11 тураў з класічным кантролем часу.