Урад Беларусі зробіць усё, каб забяспечыць па выніках года выкананне планаў па росту ВУП у памеры 5–5,5%.

Аб гэтым паведаміў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч 8 кастрычніка ў Мінску.

Бюджэт 2013 года, праект якога сёння быў прыняты ў другім чытанні палатай прадстаўнікоў, Мясніковіч назваў бюджэтам развіцця.

Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што ў 2013 годзе «павінен быць упор на развіццё малога і сярэдняга бізнесу, для чаго спрашчаецца падатковае адміністраванне».

Мясніковіч адзначыў, што ў Беларусі дастаткова маленькі ўнутраны рынак і вялікія магчымасці для вытворчасці экспартнай прадукцыі. «Таму мы павінны аказваць усялякае садзейнічанне экспарцёрам, у тым ліку па лізінгавых схемах», — сказаў ён.

Паводле слоў Мясніковіча, 2013 год стане «годам пэўных эксперыментаў, накіраваных на павышэнне эфектыўнасці сацыяльных паслуг». «Плануем правесці пэўныя лакальныя эксперыменты. У выпадку поспеху іх можна будзе распаўсюдзіць на ўсю эканоміку. Гэта тычыцца аптымізацыі расходаў», — сказаў ён.

Прэм’ер-міністр таксама сказаў, што цяпер «ажыццяўляецца маштабная мадэрнізацыя. Кожнае прадпрыемства праходзіць абарону планаў па мадэрнізацыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?