Цэнтральная выбарчая камісія не стала разглядаць скаргу намесніка старшыні руху «За Свабоду» Юрыя Губарэвіча на прызнанне несапраўднымі вынікаў парламенцкіх выбараў па сталічнай Фрунзенскай выбарчай акрузе № 101.

Як паведамляе прэс-служба руху, у адказе з Цэнтрвыбаркама, падпісаным старшынёй Лідзіяй Ярмошынай, адзначаецца, што падаваць скаргі аб непрызнанні выбараў па акрузе могуць толькі кандыдаты, якія па ёй балатаваліся.

Акрамя таго, Цэнтральная камісія праінфармавала, што падставай для адмены вынікаў выбараў па акрузе могуць быць толькі парушэнні, якія паўплывалі на вынікі выбараў або не дазволілі выявіць сапраўдную волю выбаршчыкаў. На думку ЦВК, такіх парушэнняў зафіксавана не было.

Губарэвіч назваў адказ з Цэнтрвыбаркама прагназуемым.
«ЦВК нават не патурбавала сябе праверкай фактаў, якія былі выкладзеныя ў скарзе, а іх было больш чым дастаткова, каб не зацвярджаць вынікі выбараў па Фрунзенскай выбарчай акрузе», — сказаў ён.

Губарэвіч паведаміў, што цяпер чакае адказ з Генпракуратуры на аналагічную заяву. «Калі Генпракуратура таксама адмовіцца разглядаць наш зварот па сутнасці, то ў нас застанецца адзін шлях — падаваць у суд на дзеянні акруговай камісіі з указаннем усіх фактаў, выкладзеных у скарзе», — адзначыў ён.

Нагадаем, прадстаўнікі руху «За Свабоду», Партыі БНФ, кампаніі «Гавары праўду!» і яе маладзёжнага крыла «Zмена» арганізавалі ў выбарчай акрузе № 101 кампанію байкоту. У яе рамках праводзілася назіранне амаль на ўсіх выбарчых участках акругі. У выніку, на думку назіральнікаў, яўка выбаршчыкаў па акрузе склала 35,7%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?