Адзін з іх — Чабуа Амірэджыбі, знакаміты пісьменнік, у маіх вачах — жывы Сервантэс, калі лічыць ягоны геніяльны раман «Дата Туташхіа» грузінскім «Дон Кіхотам». Ён і сам нагадвае Дон Кіхота — высокі, хударлявы, з вачыма, поўнымі сумнай іроніі і прыроджанай высакароднасці. Да таго ж, па паходжанні ён князь і тройчы ўцякаў са сталінскіх лагераў.

Апошні раз уцёк у Беларусь.

Недзе ў сярэдзіне 1980-х мне разам з Віктарам Казько і Яўгенам Будзінасам пашанцавала з’ездзіць з ім у мястэчка Ілля, непадалёк ад Вілейкі.
На здзіўленне хутка, калі мець на ўвазе час, што прайшоў ад канца 1940-х, мы знайшлі лесапільню на ўскрайку Іллі. Праз пяршысты пах апілак прабіваўся смалісты — ад вырабленай драўніны, цэлыя бярвенні ляжалі покатам, навокал — ані душы.

Мы шукалі чалавека, на жаль, забыўся на яго імя, які напрыканцы 40¬х працаваў на лесапільні галоўным бухгалтарам. Адшукалі, нарэшце. Зморшчыўшы старэчы, у плямах, лоб ды жмурачы вочы, ён углядаўся ў нечаканага госця, пакуль не з’явілася жонка і не пляснула рукамі: «Лявон!»

Лявонам звалі чалавека, які працаваў у тыя гады дырэктарам лесапільні, а насамрэч быў збеглым зэкам Чабуа Амірэджыбі...

Лявон быў вельмі добрым дырэктарам і паважаным чалавекам. Яго нават ледзь не ўзнагародзілі ордэнам Леніна, але ён упрасіў міністра не ўзнагароджваць, маўляў, не заслужыў...

Яшчэ ў Лявона былі два сябры — былыя партызаны, дырэктары мясцовых цагельнага і шклянога заводзікаў. Калі на «шкляра» завялі крымінальную справу за прададзены ў Літву грузавік бутэлек, ён прыйшоў да Лявона раіцца, што рабіць: уцячы ці рыхтавацца да плахі ў разліку на паратунак сяброў¬партызан, што сталі вялікімі начальнікамі. «Я параю табе, каб ты ўцёк, — адазваўся Лявон, — а цябе зловяць. Я параю табе, каб ты ішоў на плаху, а сябры­партызаны не выратуюць. Скажы лепш, чым дапамагчы?» «Звязі адсюль, схавай жонку і дзетак».

Звёз, схаваў. Але сам быў вылічаны і зноўку кінуты ў лагер на 25 гадоў. Вызвалены ў 1959.

І галоўны бухгалтар лесапільні сваё адседзеў — за тое, што быў у нямецкім палоне, але да часу здолеў гэта схаваць. Чабуа, вядома, пра тое не ведаў і напружана слухаў, пакуль мы дапівалі самагонку і даядалі хатнюю кілбасу.

Былога дырэктара цагельнага завода мы таксама знайшлі — ужо ноччу, здаецца, у Радашковічах ці ў Красным, даўно было...

«Цагельшчык» блытаўся ва ўспамінах, нешта выдумляў пра тое, як разам партызанілі, з насцярогай адказваў на пытанні — відавочна вырашыў, што і за ім, у рэшце рэшт, таксама прыйшлі... А потым, пасля тостаў «за сустрэчу», што суправаджалі даволі змрочнае застолле, паведаміў, што «шкляра» ўсё ж пасадзілі і ў турме ён павесіўся...

Пры Гамсахурдзіі Чабуа Амірэджыбі ізноў абвяшчалі «ворагам народа», палілі кнігі... Але дзеці працягвалі гуляць у Дату Туташхіа.

Апошнія гады Чабуа хварэе на горла, яму цяжка размаўляць. Але не маўчыць. На пытанне аб «кроватачывай асецінскай праблеме» адказвае: «Асеціны сталі ахвярамі імперскай палітыкі, а ў выніку зрабілі ахвярамі і нас...»

Аб гэтым расказаў мне другі грузін, якога я ведаю, журналіст Амар Чыхладзэ. Насамрэч ён селянін — прыкупіў кавалак зямлі непадалёк ад Тбілісі і працуе на ёй амаль увесь год. Я ўяўляю, як цяжка ён працуе — у яго няма нагі.

У Мінск ён прыязджаў праз два ці тры месяцы пасля жніўня 2008. Мы абняліся, і я спытаў у яго: «Сын?»

Ягоны твар скрывіўся ад болю, і ён узняў рукі да нізкай столі старой «хрушчоўкі», нібыта там было неба: «За што?! За што Ты забраў майго хлопчыка? Д’ябал больш сумленны за цябе, ён не хлусіць, калі забівае...»

Я спытаў, як загінуў ягоны Гіга.

«Я стрымліваў яго, хаця сам чуў, што вайна там ужо скончылася. Але гэты нягоднік [Саакашвілі — С.В.] схлусіў, і яны з Сашам Клімчуком паехалі — Гіга пісаць, Саша здымаць, яны з дзяцінства сябравалі, грузін і рускі. Яны ўжо вярталіся, калі ўбачылі жаўнераў у грузінскай вайсковай форме. Спыніліся, выйшлі з машыны, нават паспелі прывітальна памахаць рукой: «Гамарджоба!..» Яны вырашылі, што гэта грузіны...

Я паглядзеў у аслеплы ад гора твар майго сябра і прыгадаў, што ведаў яшчэ аднаго грузіна, каторага ведалі ўсе.
Але ён не быў грузінам. Ён і ягоныя падручныя не былі ні грузінамі, ні габрэямі, ні рускімі, ні беларусамі, ні асецінамі... Яны былі катамі і рэзалі па жывым. Па людзях, сем’ях, народах ды землях гэтых народаў...

Аляксандр Лукашэнка хоча зноў уцягнуць Грузію ў СНД. Ён, мабыць, упэўнены, што грузіны толькі і мараць аб вяртанні на рэшткі СССР...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?