На Радуніцу карэспандэнты «НН»наведалі вёскі на сутыку Быхаўскага, Чавускага і Слаўгарадзкага раёнаў, дзе мае будавацца беларуская АЭС.

Некалі Бахань была досыць пэрспэктыўнай вёскай у Слаўгарадзкім раёне, мела некалькі соцень двароў, сваю школу, дзіцячы садок, больніцу, калгасныя збудаваньні — цэнтар сельсавету як‑ніяк. Жыцьцё ў вёсцы віравала. Сёньня на карце яна пазначаная як «нежылая».

Заяжджаем у Бахань. Адразу адвольна згадваецца Максім Багдановіч са сваім «Няма таго, што раньш было». Усё зарасло быльнягом, кустоўем. Кінь запалку, і пажар захлыне ўсю вёску: столькі сухой травы.

У тым, што Бахані болей няма, вінаваты Чарнобыль. У красавіку 1986 году паўночны захад Слаўгарадчыны быў моцна забруджаны, шматлікія вёскі былі прымусова пераселеныя. Бахань аказалася іх ліку.

Чыстая Быхаўшчына

«Дык а ў вас радыяцыя ёсьць? — пытаюся я ў Міколы. — А хто яго ведае, пэўна, што і ў нас ёсьць», — разважліва адказвае ён. На выгляд Мікалаю гадоў 50—60, паліць цыгарэту, усьміхаецца нам гнілымі зубамі. Выпіўшы крыху — Радуніца ж.

Мікола — адзін зь нямногіх жыхароў вёсачкі Ліповіцы, што на мяжы Быхаўскага і Слаўгарадзкага раёну, пяць кілямэтраў ад Бахані. У вёсцы засталося два двары.

Па вясковай гравійцы ў бок Слаўгарадчыны едуць машыны. «Мэрсэдэсы» зь менскімі нумарамі. На могілкі, у зону адсяленьня.

Але пераважна людзей з забруджанай Слаўгарадчыны перасялялі ня ў Менск, а па суседзтве, у адносна чыстую Быхаўшчыну.

«З тым перасяленьнем адно ашуканства. Хто хацеў зарабіць на гэтым — зарабіў», — дзеліцца з намі Мікола. Пытаюся, ці перасялялі каго зь Ліповіцаў. «Так, і я перасяліўся ў Сялец. Тут маці старая толькі жыла, больш за 80 гадоў пражыла, гады чатыры назад памёрла, то я ад гэтага часу сюды і вярнуўся. Жонка ў Магілёў зьехала, я адзін па гаспадарцы». — «А ці вялікая гаспадарка?» — «Два сабакі, кот, пара курэй і гусей. Градкі саджаем, гуркі, памідоры». — «А не баіцеся есьці?» — «Чаго нам баяцца ўжо».

Чаго ім баяцца, тым, хто 21 год пражыў сам‑насам з радыяцыяй. Гэта мы, госьці, баімся лішні раз да чаго дакрануцца.

«Ня трэба мяне фатаграфаваць, — кажа Мікола. — Кожны год нехта прыяжджае і фатаграфуе. Я ж не для таго расказваю вам, каб мяне ў газэтах прапісалі, а проста пагаварыць з кім хочацца».

Прыкладна як і журналісты, то бок раз на год, у Ліповіцы прыяжджаюць мэдыкі, каб зрабіць флюараграфію і ўзяць аналізы ў мясцовых жыхароў. Раз на год. Але вынікаў Мікалай ня ведае.

А што перажываць, калі вакол сеюць. Як стаў Лукашэнка, загадалі зноў апрацоўваць палі. Палянавіцкае СПК, якое называецца «Расея», ужо некалькі гадоў культывуе баханскія палі, тамсама пасуць каровы.

Зразумелае маўчаньне

35 кілямэтраў ад Ліпоўніцы на поўнач Быхаўшчыны разьмешчаная вёска Баўкі. Гэта сутык Быхаўскага, Чавускага і Слаўгарадзкага раёнаў. Менавіта тут, на так званай краснапалянскай пляцоўцы, маюць будаваць атамную станцыю.

Ля першай хаты ў Баўках сядзяць чацьвёра мужыкоў. «А вы ўвогуле да каго едзеце?» — пытаецца ў нас дзед, які абдымае бутэльку чарніла. «Ды ні да кога, хацелі паглядзець, дзе тут атамную станцыю будуюць».

Мужыкі, перабіваючы адзін аднаго, пачынаюць расказваць. «Ад студзеня геолягі тут сядзелі. Разьметку зрабілі».

Пра будаўніцтва даведаліся зь мясцовай раёнкі. «Хто ж нам што скажа. Нічога ж не сказалі, калі перасталі плаціць «чарнобыльскія».

Паўвёскі пасьпелі адсяліць у 90‑я. Некалі ў Баўках было 900 жыхароў, сёньня толькі 35. Пяцёх малых возяць аўтобусам у школу ў Смоліцы, тамака цяпер аграгарадок. А ў Баўкі з Смоліц возяць даярак, бо тутака фэрма.

«26‑га ў Быхаў Лукашэнка прыяжджае, дык хай бы ён лепей сюды прыехаў, што тут робіцца. Дык жа не прыедзе». А за каго галасавалі на выбарах? «За Лукашэнку, за каго ж яшчэ! Апроч яго альтэрнатывы няма».

А ці хочуць яны, каб тут будавалася АЭС? Маўчаць, ня ведаюць, што адказаць. Нехта пачынае разважаць, што ўсіх людзей зь вёскі некуды ж пераселяць, калі ўсё ж вырашаць будаваць. Ізноў маўчаць. Час ісьці ўжо на могілкі, кажа адзін. «Да брата ягонага роднага пойдзем, — кажа адзін зь вяскоўцаў, паказваючы на дарожніка. — 46 гадоў было, сэрца спынілася. З тых, каго перасялілі з Баўкоў, нікога жывога не засталося».

Ядзім чырвоныя яйкі. Ня бойцеся, кажуць, не вясковыя, без радыяцыі, з Быхава.

Толькі танкам

Беларускую АЭС будавацьмуць сярод балотаў. У Баўках нават здабываюць торф, да распрацовак падведзеная вузкакалейка. Мэліярацыйныя каналы паўсюль. Лес сасновы зь бярозавым. У машыну нейкім чынам трапілі два кляшчы, відаць, і іх у гэтых лясох нямала. Мядзьведжы куток, куды ні з Чавусаў, ні з Быхава, ні з Слаўгараду пакуль не вядуць праезныя дарогі. Мы спрабуем даехаць да самой пляцоўкі, што знаходзіцца між Баўкамі, Давыдавічамі і Краснай (гэта значыць, харошай, прыгожай) Палянай. Не здаецца: на легкавіку немагчыма.

Цяжка ўявіць, што ў гэтых нетразях 2011 г. будзе атамная станцыя.

Вяртаемся ў сталіцу, чытаем: «Расея гатовая ўдзельнічаць у рэалізацыі праекту будаваньня атамнай электрастанцыі на тэрыторыі Беларусі, паведаміў сёньня Надзвычайны і паўнамоцны пасол Расейскай Федэрацыі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў, адказваючы на пытаньне карэспандэнта БелТА аб пэрспьктывах міждзяржаўнага супрацоўніцтва ў атамнай энэргетыцы. На яго думку, расейскі бок здолеў бы забясьпечыць праектныя працы, выраб і мантаж тэхналягічнага абсталяваньня, у тым ліку і ядзернага рэактара. Акрамя таго, Расея гатовая даць Беларусі крэдыт на рэалізацыю праекту».

Карацей, толькі будуйце, і толькі на расейскім уране.

Зьміцер Панкавец, Арцём Лява

Фатаздымкі Арцёма Лявы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0