Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белтэлекам» у 2007 годзе забяспечыць Wi‑Fi‑доступам буйныя грамадскія месцы Мінска. Пра гэта 18 красавіка на прэс‑канферэнцыі ў сталіцы паведаміў генеральны дырэктар «Белтэлекама» Канстанцін Цікар.

Паводле яго слоў, пунктамі бесправаднога доступу ў інтэрнет найперш будуць забяспечаны гатэлі, чыгуначны вакзал, аэрапорт, а таксама некаторыя прэс‑цэнтры. «Сёння прэс‑цэнтр у Нацыянальнай бібліятэцы ўжо поўнасцю пакрыты тэхналогіяй Wi‑Fi, гэта ўжо дзейная пляцоўка», — сказаў К.Цікар.

Разам з тым, спасылаючыся на вопыт іншых краін, ён зазначыў, што «гэта не зусім бізнес‑праект». «Таму мы будзем глядзець на вынік і прымем рашэнне, як развіваць Wi‑Fi далей», — зазначыў Цікар. «Я размаўляў з сувязістамі розных краін — у большай ступені гэта праекты іміджавыя, чым бізнес», — падкрэсліў гендырэктар «Белтэлекама».

Даведка БелаПАН. Wi‑Fi — сучасная бесправадная тэхналогія злучэння камп’ютэраў у сетку або падключэння іх да інтэрнета, заснаваная на выкарыстанні радыёхваль. Wi‑Fi‑доступам могуць карыстацца ўладальнікі ноутбукаў і кішэнных персанальных камп’ютэраў, веб‑камеры або бесправаднога IP‑тэлефона, аснашчаных адпаведным модулем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?