Еўрасаюз і Рады Еўропы заклікаюць Беларусь абвясціць мараторый на смяротную кару ў якасці першага кроку да яе поўнай адмены.
Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве генеральнага сакратара Рады Еўропы Турб’ёрна Ягланда і вярхоўнага прадстаўніка ЕС па пытаннях знешняй палітыкі і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан з нагоды Міжнароднага дня супраць смяротнай кары, які адзначаецца 10 кастрычніка.
«Смяротная кара бесчалавечная, і ў ёй няма неабходнасці. Вопыт таксама паказаў, што яна не стрымлівае злачыннасць.
Няма бездакорных сістэм правасуддзя, любая судовая памылка можа прывесці да трагічнай гібелі нявінных людзей», — адзначаецца ў заяве.

Ягланд і Эштан падкрэсліваюць: адмена смяротнай кары ў еўрапейскім рэгіёне з’яўляецца агульнай задачай для ўсіх краін — удзельніц Еўрасаюза і Рады Еўропы. «У нашых дзяржавах-членах за апошнія 15 гадоў не было ніводнага пакарання смерцю», — адзначаюць яны.

Еўрасаюз і Рада Еўропы заклікаюць усе краіны, якія яшчэ не адмянілі смяротную кару дэ-юрэ, зрабіць гэта шляхам ратыфікацыі адпаведных пратаколаў да Еўрапейскай канвенцыі правоў чалавека. Яны таксама заклікаюць усе краіны падтрымаць рэзалюцыю аб глабальным мараторыі на ўжыванне смяротнай кары, якая будзе пастаўлена на галасаванне на 67-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН у снежні 2012 года.

Ягланд і Эштан нагадваюць, што цяпер Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, дзе смяротныя прысуды ўсё яшчэ прыводзяцца ў выкананне.

«Мы вітаем глабальную тэндэнцыю па адмене смяротнай кары і адзначаем, што лік краін, якія ўжываюць смяротную кару, увесь час памяншаецца», — гаворыцца ў сумеснай заяве. З іншага боку, яго аўтары «занепакоеныя рэзкім ростам смяротных пакаранняў на працягу апошніх дваццаці месяцаў у некаторых з тых краін, у якіх да гэтага часу выкарыстоўваецца і ажыццяўляецца смяротная кара».

Беларусь — адзіная еўрапейская краіна, якая не ўваходзіць у Раду Еўропы. Асноўнай перашкодай для ўваходжання з’яўляецца наяўнасць у краіне смяротнай кары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?