Нібыта хтось нябачны здзейсніў нялюдзкі эксперымент — надзяліў чалавека талентам, здароўем, удачаю, каханнем, добрай і моцнай сям’ёй, разумнымі і прыгожымі дзецьмі… а калі гэта ўсё дасягнула росквіту, раптоўна, жорстка і груба ўсё знішчыў…
Сяржук Цімохаў быў нетыповым мастаком.
У ім не было ні грама багемнай расхрыстанасці, ён не дапускаў у сваім жыцці ніякага беспарадку, вэрхалу, — ні творчага, ні бытавога, ні тым больш маральнага.
У яго быў рэдкі і шчаслівы — і для яго самога, і для блізкіх людзей, — дар: прымаць у любой сітуацыі найбольш рацыянальнае рашэнне. Глядзець у сутнасць рэчаў, а не спакушацца знешнім эфектам, ці агульнапрынятай «ісцінай».

Так яго ў свой час не збіла з панталыку звонкая фраза — «Правінцыя — гэта не геаграфічнае паняцце, а якасць характару». Яно так, ды ўсё ж ў рэчаіснасці мастак можа напоўніцу раскрыцца толькі ў буйным культурным цэнтры, у асяроддзі іншых, таленавітых і неардынарных асобаў.

«Няма мастака ў вёсачцы», — адзначыў яшчэ Маціс. Адсюль рашэнне пакінуць утульны, слаўны горад Полацк і перабрацца ў Менск.
А перад гэтым быў яшчэ варыянт — атабарыцца ў Вільні, у той час многія спакусіліся ідэяй «беларусізацыі» гэтага горада. Ужо была прыгледжана кватэра, але Цімохаў беспамылкова адчуў тое, што іншыя зразумелі толькі праз дзесяцігоддзі — пры ўсім пры тым гэта эміграцыя, у якой беларускі творца асуджаны на маргінальнае існаванне.
А мастак-беларус павінен застацца на сваёй Бацькаўшчыне, якой няўтульнай яна б ні была. Цімохаў жа быў беларусам з натуры, па сутнасці, не напаказ і не «для ідэі».
Як, зрэшты, ў ім увогуле не было нічога «паказнога», «на публіку».

Час пацвердзіў, што ён не памыліўся — менавіта ў Менску яго мастацтва расквітнела, знайшло прызнанне як на радзіме, так і за яе межамі, — і калегамі, і звыклымі аматарамі. Жывапіс Сержука Цімохава пры ўсёй ягонай «мадэрновасці», нельга адносіць да тзв. «сучаснага мастацтва». Нельга таму, што ў ім прысутнічаюць катэгорыі, якія гэта «мастацтва» адмаўляе — майстэрства, укаранёнасць у традыцыю, высокі ўзровень малюнка, кампазіцыі, гармонія каларыту.

Цімохаў тварыў з моцартаўскай лёгкасцю, «творчыя мукі», калі яны й былі, заставаліся невядомымі для гледачоў.
Ім былі бачны толькі радасць, палёт, нечаканыя і дасціпныя кампазіцыйныя «хады». Таму ягоныя творы так ахвотна набываліся.
Цімохаў не меў так горкага для іншых мастакоў перыяду непрызнання. З ім ахвотна мелі справу аматары жывапісу з самых розных краін — Расіі, Польшчы, Літвы, Нямеччыны.
Безумоўна, у гэтым

найбольшая ягоная асабістая заслуга — Цімохаў быў адказны за дадзенае слова, акуратны і сумленны ў дачыненнях. Чым і выклікаў да сябе павагу. Так адна з найбольш вядомых галерыстак Варшавы, якая напачатку спрабавала глядзець на невядомага «бялорусіна» паблажліва, зверху ўніз, хутка зразумела, з кім мае справу, — і творы Цімохава занялі ў яе галерэях пачэснае месца.

Цімохаў меў яшчэ адзін шчаслівы дар — абжываць, рабіць утульным, любое месца, дзе яму і ягонай сям’і даводілася жыць. Раз наведаўшы ягоны дом, цяжка было яго пакідаць, хацелася як

найхутчэй туды вярнуцца. Кожная рэч там была на сваім месцы, — без лішняга педантызму, але спарадкавана. Гэтаксама з любасцю ён абсталяваў сваю менскую майстэрню — думалася,

што на шмат гадоў…

Пра тых, хто адыйшоў у нібыта лепшы свет, прынята ўспамінаць толькі добрае. Але ў выпадку Цімохава пры ўсім жаданні немагчыма прыпомніць штось благое, што б рыпела, як пясок на зубах.

Яго было немагчыма не любіць, не магу сабе ўявіць чалавека, які б ставіўся варожа да Сержука, — грош такому цана!

Усім сваім існаваннем, істотай, творчасцю ён нёс навакольным, — і блізкім, і сябрам, і калегам, — толькі радасць і дабро.

Памятаю, як ён апекаваўся тады яшчэ малым сынам Глебам — без усялякага сюсюкання, па — мужчынску, але з невымернай пяшчотай…

Страшна падумаць, як ягоная сям’я перанясе такую страту, дзе знойдзе сілы не зламацца, жыць далей, — а трэба, трэба!

Як гэта заўсёды бывае, асэнсаванне асобы і творчасці такога нештодзённага таленту — справа будучыні. Хоць ужо цяпер зразумела, што Сяржук Цімохаў назаўсёды заняў адметнае месца ў гісторыі беларускага мастацтва. Менавіта дзякуючы такім творцам, яно і існуе, развіваецца і мацнее.

…Адно за друтім, на працягу кароткага часу нас пакінулі самыя светлыя асобы — у росквіце свайго таленту, — Тацяна Сапач, Сяргей Вітушка, Сяржук Цімохаў…
Змірыцца з такімі стратамі цяжка, немагчыма… і ўсё ж варта нагадаць мудрыя словы паэта:

Не гавары з тугою — «Іх няма»,

А лепш скажы з удзячнасцю — «Былі!»

10.10.12 Вільня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0