Магілёўскі цэнтр культуры і вольнага часу абвясціў аб правядзенні першага ў горадзе конкурсу «Ты — найлепшы хлопец у Магілёве!».

«Мы вырашылі крыху хлопцаў Магілёва ўзвысіць. Ужо занадта яны нізка ўпалі ў вачах жанчын, дзяўчат. Месцы не саступаюць у аўтобусах, паляць, брыдкасловяць. Мы хацелі б паказаць найлепшую палову мужчынскага маладога пакалення», — заявіла рэжысёр конкурсу Дзіна Цецерукова.

Узрост удзельнікаў конкурсу — ад 16 гадоў да 31 года. Акрамя таго, ён павінен мець прыемны выгляд, умець апранацца, быць разняволеным ў рухах, мяняцца ў прапанаваных абставінах, а таксама быць высокаінтэлектуальным.

Маладыя людзі прадэманструюць сваё майстэрства ў конкурсах «Раскажу пра сябе», «Тэматычнае дэфіле», «Імправізацыйнай-інтэлектуальным конкурсе», «Здзіві мяне».

Паколькі конкурс з’яўляецца камерцыйным, ахвотныя ўзяць у ім удзел акрамя падачы заяўкі павінны заплаціць уступны ўзнос у памеры 10 тыс. рублёў. Пецярым фіналістам, з якіх будзе абраны найлепшы хлопец у Магілёве, трэба будзе заплаціць яшчэ 50 тыс. рублёў.

Як адзначыла Цецерукова, заяўкі ад маладых людзей ужо паступаюць.
Іх можна будзе падаць да 31 кастрычніка. У той жа дзень пройдзе адборачны этап конкурсу, а 18 снежня — фінал.
Пераможцу конкурсу чакаюць прызы, у тым ліку грашовы, ад спонсараў мерапрыемства.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?