Найлепшых дзеячаў культуры Беларусі ўганаравалі 10 кастрычніка ў Нясвіжскім палацы.

За высокае прафесійнае майстэрства і дасягненні ў развіцці беларускай культуры ўказам прэзідэнта ганаровае званне «Народны артыст Беларусі» прысвоена вядучым майстрам сцэны Вялікага тэатра оперы і балета Вользе Гайко і Людміле Кудраўцовай, вядучаму майстру сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Сяргею Жураўлю. Званнем «Народны артыст Беларусі» адзначана таксама дырэктар Беларускага дзяржаўнага цырка Таццяна Бандарчук. Адзінаццаці работнікам культуры прысвоена ганаровае званне «Заслужаны артыст», «Заслужаны дзеяч мастацтваў», «Заслужаны дзеяч культуры». 39 чалавек узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Сярод іх кампазітар Леанід Захлеўны, мастак Васіль Цумараў.

Міністр культуры Павел Латушка адзначыў, што Нясвіж — трэці горад краіны, які ў 2012 годзе атрымаў ганаровы статус культурнай сталіцы Беларусі. Паводле яго слоў, з гісторыяй горада непарыўна звязаны лёсы Кандрація Рылеева, Якуба Коласа і Кузьмы Чорнага, тут працавалі Уладзіслаў Сыракомля і Янка Купала.

У рамках праекта «Культурная сталіца Беларусі — Нясвіж» на працягу года рэалізавана каля 50 праектаў; галоўнай падзеяй стала афіцыйнае адкрыццё пасля рэстаўрацыі Нясвіжскага палаца, сказаў Латушка.

«За гэты год Нясвіжскі палац ужо наведала больш за 270 тыс. турыстаў, пасля рэстаўрацыі завітала яшчэ 100 тыс. чалавек. Да канца года колькасць наведнікаў дасягне 400 тыс.
Даход музея-запаведніка на 1 кастрычніка склаў больш за 8,5 млрд. рублёў. Гэта першы дзяржаўны музей, які выходзіць на самаакупнасць сваёй бягучай дзейнасці», — заявіў міністр.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?