50-гадовы беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі за сем месяцаў знаходжання ў бабруйскай калоніі № 2 атрымаў сем спагнанняў.
Пра гэта паведаміў яго калега, праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Нядаўна Стэфановіч атрымаў ад Бяляцкага адразу тры лісты. «У адным з іх ён піша, што інфармацыя, якая прайшла ў СМІ, пра тое, што яго змясцілі ў штрафны ізалятар, мела пад сабой усе падставы. Справа ў тым, што ён атрымаў чарговае спагнанне за тое, што нібыта спаў у неналежны час. На самой справе Бяляцкі медытаваў. 19 верасня Бяляцкага павялі на медыцынскі агляд у санчасць — гэта першы знак таго, што яго збіраліся змясціць у ШІЗА. Гэта неабходная працэдура, каб праверыць, ці вытрымае чалавек умовы штрафнога ізалятара», — сказаў Стэфановіч.

Аднак другога кроку — змяшчэння Бяляцкага ў ШІЗА — не было.
«Сам Алесь лічыць, што ў гэты момант адміністрацыя калоніі атрымала інфармацыю пра візіт да яго нунцыя Клаўдыё Гуджэроці, які адбыўся 25 верасня, і тэрмінова адмяніла сваё рашэнне», — паведаміў Стэфановіч.

«Бяляцкі таксама піша, што ў калоніі ён адзначыў не толькі свой 50-гадовы юбілей, але і яшчэ адзін маленькі юбілей — чвэрць тэрміну за кратамі, з улікам таго, што тэрмін адбыцця пакарання вылічаецца з моманту затрымання — 4 жніўня 2011 года», — сказаў ён.

Праваабаронца адзначыў, што Бяляцкі ў калоніі па-ранейшаму знаходзіцца ў статусе злоснага парушальніка рэжыму,

у яго абмежаваны спатканні са сваякамі і колькасць дазволеных перадач. «Такім чынам, яго фактычна ізалявалі ад навакольнага свету», — лічыць Стэфановіч.

***

Суд над Алесем Бяляцкім адбыўся ў лістападзе 2011 года. Праваабаронцу прызналі вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прыгаварылі да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала наяўнасць у яго рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не ўзяў пад увагу той факт, што грошы, якія паступалі на гэтыя рахункі, выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Не быў узяты пад увагу і той факт, што ўрон, які, паводле версіі суда, нанёс Бяляцкі, быў поўнасцю пагашаны за кошт добраахвотных ахвяраванняў беларускіх грамадзян.

Арышт Алеся Бяляцкага выклікаў шырокі рэзананс. Беларускі праваабаронца абвешчаны вязнем сумлення, яго вызвалення патрабуе міжнародная дэмакратычная грамадскасць, кіраўніцтва Еўрасаюза і ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?