Кары Хейкіля звольнены з пасады галоўнага трэнера мінскага «Дынама». Гэта рашэнне было прынята на пазапланавым пасяджэнні Назіральнай рады хакейнага клуба,
на якім прысутнічалі старшыня рады Юрый Бародзіч, першы віцэ-прэзідэнт НАК Ігар Заічкоў, міністр спорту і турызму Алег Качан, старшыня федэрацыі хакея Яўген Ворсін.
Чальцы рады прызналі вынікі стартавага этапу рэгулярнага чэмпіянату КХЛ нездавальняючымі [12-е ў Заходняй канферэнцыі з 14 камандаў].
Было канстатавана, што бягучая сітуацыя па кіраванні камандай патрабуе неадкладнага рэагавання.

Па выніках абмеркавання Назіральная рада зацвердзіла ўнесенае кіраўніцтвам ХК «Дынама-Мінск» рашэнне аб адстаўцы галоўнага трэнера Кары Хейкіля ў сувязі з нездавальняючымі вынікамі, паведамляе афіцыйны сайт «Дынама»

Выконваць абавязкі галоўнага трэнера будзе Аляксандр Андрыеўскі.
Яго асістэнтам будзе Яўген Папіхін. Канчатковае рашэнне па кандыдатуры галоўнага трэнера будзе прынята ў лістападаўскім перапынку ў чэмпіянаце КХЛ.
Таксама ў бліжэйшы час у Мінск прыбудзе галоўны трэнер мінскага "Дынама" двух папярэдніх сезонаў чэх Марэк Сікора,
на якога плануецца ўскласці кансультатыўныя функцыі ў абноўленым трэнерскім штабе, дадае БелТА.

Назіральная рада падкрэсліла, што незалежна ад цяперашняга турнірнага становішча спартыўныя задачы з каманды не здымаюцца (выхад у другі раўнд Кубка Гагарына). На думку рады, патэнцыял дружыны дазваляе разлічваць на паспяховае дасягненне пастаўленых мэтаў.

***

Кары Хейкіля, зазначым, застаецца галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Беларусі, кантракт з якой ён падпісаў 16 жніўня 2011 г.
На пасаду галоўнага трэнера «Дынама» Хейкіля быў прызначаны 25 красавіка 2012 г. Пагадненне было падпісана на год з функцыяй падаўжэння.

На гэтай пасадзе фінскі спецыяліст змяніў чэха Марэка Сікору, які ў пачатку сакавіка добраахвотна сышоў у адстаўку. За Сікорам «Дынама» двойчы выходзіла ў плэй-оф.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?