Міхаіл Тумеля.

Міхаіл Тумеля.

Наколькі гэта дарагая забаўка — ствараць мультфільмы і дзе яны потым губляюцца — рэжысёр-аніматар Міхаіл Тумеля расказаў карэспандэнту «Заўтра тваёй краіны» Аліне Радачынскай пра дзівосы «мультыплікацыйнай» эканомікі.

— Анімацыя паўсюль дарагая справа, бо тут павінныя працаваць вельмі адмысловыя спецыялісты. Не кожны мастак можа быць аніматарам, але кожны аніматар павінен быць мастаком.

— Аднак нас цікаваць кошты вытворчаці мультфільмаў у Беларусі..

— Яны параўнальныя з расійскімі — ад 6 да 10 тысяч даляраў за хвіліну ў залежнасці ад тэхнікі. План «Беларусфільма» — амаль 90 хвілін анімацыі ў год. Такая дзяржзамова. Атрымоўваюцца розныя фільмы — ад 1 хвіліны 45 секунд да 13 хвілінаў. У асноўным, гэта дзіцячыя фільмы, але ёсць і прысвечаныя беларускай культуры, як праект «Аповесць мінулых гадоў» альбо «Беларускія прымаўкі».

— Ці ёсць у беларускай анімацыі героі, што будуць сённяшнім дзеткам нагадваць іх дзяцінства, як нам цяпер заяц і воўк з савецкага «Ну, погоди»?

— Каб герой стаў героем, трэба, каб яго спачатку пабачылі. Невядома, як гэта зрабіць. Бо калі і вырабляюцца дыскі на «Беларусьфільме», дык наклады невялікія.

Пакуль што гэта новая справа ў нас. Вытворца не можа быць гандляром — гэта зусім іншая праца. Тут патрэбныя таленавітыя і ўпартыя адмыслоўцы. А іх не стае. На «Беларусьфільме» ёсць аддзел рэалізацыі і рэкламы. Але яны самі па сабе, а мы — самі па сабе.

Выцінанка-выразанка

— Напэўна, складана гэта — ствараць мультфільм і не мець пэўнасці, што яго пабачаць і ацэняць?

— Раблю дыскі сам, прэзентую сябрам (смяецца). Але ўсе правы зараз належаць «Беларусьфільму» і Міністэрству культуры. І толькі яны могуць распаўсюджваць гатовую прадукцыю. Было б добра, калі б яны здолелі наладзіць гэтую справу. Было б добра.

— А што замінае зрабіць гэта? Знайсці беларускія мультфільмы практычна немагчыма. Тым больш беларускамоўныя...

— Ёсць яшчэ такая справа — фармат ці не фармат, бо пакупнік не будзе набываць адзін мультфільм шасці з паловай хвілінаў. Трэба рабіць з іх нейкія складанкі.

Што датычна беларускамоўнасці, то аніматары — найбольш патрыятычныя, бо большая частка нашай прадукцыі — беларускамоўная.

— Калі ёсць план на 90 хвілінаў, няўжо няма з чаго сабраць дыск?

— Гэтае пытанне трэба задаваць тым, хто за гэта адказвае на «Беларусьфільме».

— Наколькі канкурэнтназдольныя беларускія мультфільмы на рынку?

— Беларускамоўная анімацыя — вельмі лакальны прадукт, бо каб выходзіць на сусветны рынак, неабходны добры пераклад, а тут таксама ўзнікаюць праблемы. Напрыклад, калі я рабіў «Выцінанку-выразанку», мы з гукарэжысёрам так і не здолелі перакласці тэкст Кірчука так, каб ён лёг потым на музыку. У гэтай галіне ў Беларусі таксама не стае прафесіяналаў.

— Ці ёсць у Беларусі прыватная вытворчасць мультфільмаў? Ці можна ў мультыплікацыю перанесці досвет вольнага конкурсу праектаў, як апрабавалі сёлета ў кінематографе?

— Два бакі ёсць у праблемы. З аднаго боку, можа хлынуць вялікая колькасць графаманскіх, аматарскіх працаў, з якіх не будзе радасці беларускай культуры. З іншага боку, анімацыя пакуль на 100 адсоткаў фінансуецца дзяржавай і можа так стацца, што больш складаны праект, але не такі папсовы, будзе адхілены. А для культуры гэта нельга назваць прыбыткам. Трэба шукаць баланс.

— Ці добра гэта для беларускай анімацыі, што яна стоадсоткава фінансуецца дзяржавай?

— На дадзены момант хутчэй добра. Бо дзе ў нас альтэрнатыўныя крыніцы фінансавання, дзе незалежныя прадусары? Нашыя калегі з Украіны, напрыклад, зайздросцяць нам. Яны былі больш вялікай анімацыйнай дзяржавай, а зараз без дзяржаўнай падтрымкі там нічога не робіцца. У Расіі дзяржава падтрымлівае студэнцкія працы, тых, хто яшчэ сябе шукае.

Дарэчы, апошняя праца Міхаіла Тумелі — «Як служыу жа я у пана... » рэалізаваная ў рамках праекту «Музычная скарбонка». Песню выконваюць сем спевакоў — ад старога да малога. Малявалі яе пяць аніматараў. Планавалася 3.15 хвіліны. Атрымалася 6.30. Пабачыць можна ў інтэрнэце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?