«Салідарнасць» успомніла, якія перлы іх калегі выдавалі аб нашай краіне, і як іх падкуплялі чыноўнікі.

«Можна было не выдаткаваць ні капейкі!»

Расійскіх журналістаў, якія прыязджаюць у Беларусь у рамках прэс-тураў, па традыцыі прымаюць па сістэме «Super All Inclusive».

Карэспандэнт «Ліпецкай газеты» Соф’я Воблікава, якая наведала Мінск у 2010-ым, успамінала, што «пры жаданні можна было не выдаткаваць наогул ні капейкі».

— Калі я збіралася ў Беларусь, то спытала ў калегаў з рэдакцыі, якія былі ў такім прэс-туры да мяне: «Колькі грошай браць, каб адчуваць сябе камфортна?» І мне адказалі: «Наогул можна не браць ні капейкі».

Калі яны прыехалі ў Беларусь і абмянялі расійскія рублі на беларускія, то ў канцы паездкі ім давялося ўсё мяняць назад. Нідзе ў Беларусі мы ні за што не плацілі — ні за праезд, ні за пражыванне…

Акрамя таго, калегі папярэдзілі яе, што прэс-туры ў Беларусь згубна адбіваюцца на фігуры, маўляў, кормяць па-царску.

Па словах журналісткі, яе і калегаў рассялілі ў гасцініцы «Планета» у аднамесных нумарах. Сама яна жыла адна ў двухмесным нумары.

На ўсіх прадпрыемствах удзельнікам прэс-тура дарылі падарункі, а пасля сустрэчы з Лукашэнкам — асобны набор прэзентаў.

— У выніку, калі мы з’язджалі, гэта ўсё было вельмі цяжка везці, а кідаць было шкада… — наракала журналістка.

Ці варта здзіўляцца, што пасля прэс-тураў расійская рэгіянальная прэса піша пра жыццё ў Беларусі рэпартажы і артыкулы ў духу сацрэалізму!

«А дзе тут у вас дыктатура?»

Журналістка газеты «Вячэрні Северадзвінск» Наталля Калагрэева ў першых радках свайго матэрыяла прызналася, што да «перакананых сяброў Баці» не адносіцца, і, называючы сябе «чайнікам», вырашылі скласці ўласнае меркаванне аб беларускай рэчаіснасці.

Вось некалькі фрагментаў з яе матэрыялу.

«Намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы гомельскага аблвыканкама Ірыну Даўгала пытаннем пра карупцыю ў тупік не паставіш. Ідэолагі там на перадавой барацьбы за ўсё, што добра, супраць усяго, што дрэнна.

Разам чытаем абласную газету. «Кіраўнік дзяржавы даў згоду на вызваленне ад пасады дырэктара дэпартамента геалогіі Мінпрыроды за здзяйсненне ўчынку, не сумяшчальнага з знаходжаннем на дзяржаўнай службе». За што ў Беларусі ляцяць у чыноўнікаў галовы? Ірына Віктараўна загінае пальцы: лабізм, хабарніцтва, амаральныя паводзіны, халатнасць, непрафесіяналізм.
Часам, распавядаюць, кара абрынаецца проста з нябёсаў, калі верталёт эксцэнтрычнага прэзідэнта нечакана садзіцца сярод чыстага поля і не дай бог нешта не ў парадку…
Затое і пернік заўсёды пры ім. Лукашэнка асабіста прыязджае ў сельгасраёны ўручаць граматы і ключы ад «Жыгулёў» найлепшым заатэхнікам і механізатарам.

Савецкі стыль кіравання дае вынікі.

На сустрэчы са старшынёй гомельскага аблвыканкама (па-нашаму губернатарам) Уладзімірам Дворнікам было зададзенае пытанне: «Адкуль вы бераце такіх правільных чыноўнікаў?» — «Расцім».

«Вярнуўшыся з падарожжа, мы з калегай Вольгай Голубцовай перыядычна стэлефаноўваемся, дзелімся ўражаннямі. І ловім сябе на тым, што ёсць, ёсць з Беларуссю адна проблемка: што б такога ўспомніць дрэннага? Як бы критикнуть тамтэйшы лад?».

«Так, сустракалі выдатна, чыноўнікі разумныя, прэзідэнт стаіць за народ, кветкі растуць, заводы працуюць, агракамбінаты далучаюць землі і адкрываюць ўласныя вытворчасці, тэхналогіі вытворчасці набліжаны да еўрапейскіх, жыллё, стадыёны і аквапаркі будуюцца, дзіцячая смяротнасць практычна на нулі, у сельскіх садках дзеткі плёскаюцца ў басейнах, цэны на прадукты ніжэйшыя за плінтус, гастарбайтэраў з Азіі няма, але…

Беларусы незадаволеныя заробкам.

У пераліку на нашы рублі самая звычайная там заработная плата — пяць, шэсць, сем, восем тысяч. (Можна падумаць, у нас такіх лічбаў няма.) Улады прызнаюць — так, праблема. Таму, маўляў, і з’язджаюць у Расію ці еўрапейскія краіны каштоўныя спецыялісты і рабочыя. Праўда, азіраючыся па баках, прыкмет глыбокага крызісу і масавага збяднення беларусаў я не выявіла».

«Ну, а дыктатура, пра якую так шмат гаварылі, гавораць і, я ўпэўненая, будуць гаварыць…

Хацела пацікавіцца ў мужычка на вуліцы, маўляў, „а дзе ў вас тут дыктатура, шаноўны?“ Але мужычок, разглядзеўшы мой станоўчы настрой, стаў навальваць са свайго вядра толькі што сарваны вінаград: „З Расеі? Ешце, ешце на здароўечка!“

Да дыктатуры справа не дайшла».

«У Брэсце спраўдзілася мара Стаўрапаля мець лядовы палац»

Саладжавы тон і лубачная Беларусь — так аб нашай краіне пішуць журналісты з расійскіх рэгіёнаў пасля кожнага прэс-тура.

Газета «Ставропольская правда», 2007 год:

«Па-добраму можна было толькі пазайздросціць таму ж Брэсту і іншым абласным цэнтрам. Там даўно спраўдзілася мара Стаўрапаля мець прыстойны спарткомплекс і лядовы палац. Тут ёсць і тое, і другое, і яшчэ шмат такога, што нам не снілася. У Беларусі нават у самыя цяжкія часы не зачыніўся ніводзін дом культуры або сельскі музей»

Газета Урада Масквы «Тверская, 13», 2011 год:

«Нягледзячы на ​​часовыя эканамічныя цяжкасці, дэвальвацыю беларускага рубля, прамысловасць і сельская гаспадарка краіны застаюцца на плаву, урад аказвае шматгранную сацыяльную падтрымку насельніцтву, умацоўвае міжнародныя палітычныя і эканамічныя сувязі».

Журналіст інфармацыйнага выдання «Югра-информ» Сяргей Казлоў, які пабываў у мінулым годзе ў Мінску, крызісу не заўважыў.

«Які крызіс, калі ўсё працуе? Працуюць усе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, працуюць прамысловыя гіганты аж да „БелАЗа“, заказы на прадукцыю якога распісаны ўжо на 2012 год.

Так, параўнальна з Расеяй, тут невысокія зарплаты, але і кошты настолькі невысокія, што становіцца зразумелым, чаму жыхары прыгранічных раёнаў Расіі ездзяць у крамы Беларусі за прадуктамі».

Сапраўды,

хіба заўважыш крызіс, калі цябе пасялілі ў нумары «люкс», адвезлі ў паказальны аграгарадок, а ўвечары накармілі дранікамі з ікрой і не выключана, што напаілі. Заўважым, усё за рахунак бюджэту саюзнай дзяржавы!

«Выконваліся любыя нашы капрызы!»

Адпрацаваныя на расійскіх журналістах прыёмы беларускія чыноўнікі практыкавалі і з прадстаўнікамі літоўскіх СМІ.

Карэспандэнт газеты «Літоўскі курьеръ» Аляксандра Рыбакова, што пабывала ў Мінску гэтым летам, дзялілася з карэспандэнтам «Белгазеты», што кармілі іх як апошні раз, «выконваліся любыя нашы жадання і капрызы».

— Напрыклад, увечары ў дзень прыезду літоўскія журналісты выказалі жаданне паспрабаваць знакамітыя беларускія настойкі і бальзамы. Калегі засталіся вельмі задаволеныя…

«Беды беларусаў здаюцца нам такімі смешнымі і недарэчнымі»

Прэс-туры па Беларусі шкодзяць не толькі фігуры. У некаторых журналістаў пасля наведвання нашай краіны ўзнікаюць сур’ёзныя праблемы з успрыманнем рэальнасці. Вось, напрыклад,

журналістка расійскай газеты «Северный Кавказ» Алена Бадзякіна, вярнуўшыся з Беларусі, напала на ўдзельнікаў акцыі каля беларускай амбасады ў Маскве.

Раз’юшаная жанчына вырашыла даць адпор ворагам Лукашэнкі: вырвала з рук беларусаў бел-чырвона-белы сцяг са словамі «вы — фашысты, вас трэба забіваць», пасля чаго распавяла расейцам ўсю праўду пра жыццё ў нашай краіне.

Яшчэ ў Мінску, задаючы пытанне Лукашэнку, Алена Бадзякіна адзначыла, што шмат хто ў Беларусі, на жаль, не цэняць таго, што маюць:

— Мы проста нават злуемся на беларусаў, калі вось яны нам гавораць аб нейкіх сваіх бедах. Нам гэта здаецца такім смешным і недарэчным.

«Пра Бацьку тут або добра, або нічога»

Зрэшты, дзеля справядлівасці адзначым, што не ўсе калегі з Расіі паводзяць сябе падобным чынам. Некаторыя імкнуцца сумленна рабіць сваю працу. Як, напрыклад, здымачная група краснаярскага дзяржаўнага тэлеканала «Енисей Регион», якая пабывала ў Беларусі год таму.

«Распавядаць аб праблемах у рэспубліцы журналістам, тым больш, замежным, не прынята, і пра Бацьку тут або добра, або нічога.

Эканамічны крызіс у краіне ўжо некалькі месяцаў, але расійскім журналістам, запрошаным у прэс-тур па рэспубліцы, ўсяляк спрабуюць даказаць, што ў Беларусі ўсё добра.

На заводах і фабрыках сустракаюць хлебам-соллю і рапартуюць: камбайны «Палессе» прадаюць у Балгарыю, Кітай, Іспанію. А адзін толькі Жлобінскі металургічны дае 2,5 млн тон сталі. А каб працоўныя не гаварылі больш, чым трэба, ім своечасова нагадваюць аб працы.

Цэнзура тут жорсткая, прызнаюцца мясцовыя журналісты. Крытычныя матэрыялы ў прэсе — рэдкі выпадак. За краты пішучага брата не саджаюць, але даюць зразумець, што праблемы паўстаць могуць.

Лілія Вялічка:

«Нават цэнтральныя газеты крытыкуюць мясцовую ўладу, сельсаветы, фермера, а Лукашэнка не чапаюць. — А калі кранецца? — Апошні працоўны дзень будзе».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?