У кіраўніцтве Магілёўскага мясакамбінату лічаць, што адбываецца актыўнае выцісканьне беларускіх вытворцаў з расейскага рынку.

Да 1 красавіка па запатрабаваньні Рассельгаснадзору расейскія й беларускія адмыслоўцы мусілі атэставаць прадпрыемствы, якія займаюцца экспартам мяса й рыбы ў Расейскую Фэдэрацыю. Аднак на тры мясакамбінаты Магілёўшчыны — Магілёўскі, Бабруйскі й Крычаўскі — экспэрты да ўсталяванага тэрміну не даехалі.

З пачатку году Магілёўская вобласьць прадала Расеі каля 2,5 тыс. тонаў мяса. У красавіку Магілёўскі мясакамбінат мусіў паставіць на расейскі рынак 300 тонаў мяса, цяпер яго прыйдзецца замарозіць.

Камбінаты Магілёву й Бабруйску атрымалі сэртыфікаты на адпаведнасьць сваёй прадукцыі міжнародным стандартам якасьці. Таму кіраўніцтва Магілёўскага мясакамбінату лічыць, што праблема зьвязаная ня з клопатам расейскай вэтслужбы пра здароўе сваіх грамадзянаў, а з жаданьнем расейскіх бізнэсоўцаў не зусім чыстымі мэтадамі ў чарговы раз падзяліць рынак.

Але ў гэтай праблемы ёсьць яшчэ адзін бок. Па‑першае, у беларускіх крамах ужо амаль няма расейскага мяса, па‑другое, усходнія суседзі падазраюць беларускія прадпрыемствы ў перапродажы таннага польскага мяса.

Да 1 чэрвеня атэстацыю на экспарт тавараў у Расею мусяць прайсьці беларускія вытворцы малака й птушкі.

Ян Маўзэр, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0