Легкавік з манекенам маладой жанчыны на даху ў сталіцы бачылі многія. Спадарыня мадэльнай знешнасці ў восеньскіх строях час ад часу падымае руку і круціць галавой. Побач — рэкламны надпіс: «выраб робатаў-двайнікоў». Хто і навошта прапануе такую паслугу?

«Нашых робатаў можна выкарыстоўваць у рэкламных мэтах, для падарунка і як памяць», — расказвае Аляксандр Казлоў, гаспадар той самай машыны з манекенам.
Цяпер асноўная праца Аляксандра — гандаль сродкамі аховы, але па адукацыі ён інжынер-канструктар, раней займаўся рабататэхнікай. Захапленне ёй відавочна «не адпускае» прадпрымальніка дагэтуль. Нейкі час яго фірма займалася вырабам манекенаў, вось і паўстала ідэя ствараць робатаў-двайнікоў.
«Такім ніхто яшчэ не займаецца ні ў Беларусі, ні ў Расіі, я высвятляў», — захоплена кажа Аляксандр. Такім чынам — гіганцкі рынак. Але ці ёсць на ім попыт?
На пытанне, колькі робатаў зроблена на канкрэтныя замовы Аляксандр адказвае ўхіліста. Затое апавядае пра пенсіянера, які хацеў замовіць копію памерлай жонкі, з якой пражыў 50 гадоў, але — бяда! — не меў добрага яе фота; апавядае пра дакладную копію-манекен расійскага артыста Пяскова, якую яго фірма рабіла для касцюмераў выканаўца…
Робатаў-двайнікоў збіраюцца рабіць з шклапластыку.
«Гэта цвёрды матэрыял, ён горш за сілікон перадае рысы чалавека, міміка адсутнічае. Але паглядзіце на гэтыя японскія сіліконавыя маскі — яны зморшчваюцца праз паўгода.
Наш матэрыял — вечны», — пераконвае Аляксандр, абяцаючы, што яго робаты будуць мець 90% падабенства.

Робат здольны будзе рабіць некалькі рухаў і казаць некалькі словаў: «Больш за чатыры рухі — нельга. Калі ён яшчэ і не адну фразу кажа — немагчыма ўсе спалучэнні прадказаць, вельмі многа іх па тэорыі верагоднасці».

Колькі каштуе такая лялька? Гаспадар толькі адзначае, што «гэта забаўка для вельмі багатых».
Ён прыводзіць прыклад: зрабіць японскую 3D-маску з дапамогай лазернага сканера каштуе 5 тысяч даляраў. «А ў нас — цалкам скульптура: спачатку фігура лепіцца з пластыліну, пасля робіцца гіпсавая форма, потым антыформа і ўрэшце адліваецца фігура. Яна полая, усярэдзіне ёсць металічныя дэталі, якія дапамагаюць ёй рухацца і «думаць».
«Напрыклад, калектыў хоча павіншаваць начальніка з Днём нараджэння. І яны замаўляюць у нас робата — яго копію, якая можа сядзець за сталом, паварочваць галаву і казаць, напрыклад, «Добры дзень! Вы па якім пытанні?» —
прыводзіць прыклад Аляксандр. (Праўда, пры заяўленым цэнніку скінуцца на такога робата начальніку змогуць хіба работнікі нафтаперапрацоўкі.)

Ёсць у Аляксандра ідэя, як можна робатаў прымяніць на дзяржаўнай службе.

«Уявіце: робат-даішнік. Іх можна ставіць на аварыйных участках дарог!»
Але навошта купляць супердарагога, калі ДАІ паспяхова расставіла па ўсёй краіне фанерных? «А наш руку падымае! Падняў руку — кіроўца знізіў хуткасць і сустрэчным міргнуў-папярэдзіў. Фанерных ніхто не баіцца».
Або — робат-Дзед Мароз.
Падобныя, замежнай вытворчасці, выстаўляюцца па Новы год у залах гіпермаркетаў. «Праўда, віншуюць яны бязладна, ці ёсць ля іх хто, ці няма, — крытыкуе Аляксандр. —
А наш Дзед Мароз будзе рэагаваць на рух: падышоў чалавек — атрымаў віншаванне. Праўда, адрозніць чалавека ад сабакі, напрыклад, робат не зможа.
Павіншуе і сабаку, калі што…"
А галоўны плюс, кажа Аляксандр, робатаў можна пераапранаць:
«На Новы год ён — Дзед Мароз, на 23 лютага — пры пагонах, на 8 сакавіка — з букетам кветак… А ў буднія дні — хоць бы і ў форме даішніка на аварыйным участку».
Або вось «Еўрабачанне».
Досвед «Буранаўскіх бабуль» паказвае, што перамагчы можа толькі яскравы нумар. «Вось каб спявак выйшаў на сцэну разам з сваімі дакладнымі копіямі. Уяўляеце, калі іх будзе 20 бо 30!»

Таксама ў планах Аляксандра — вытворчасць музычных цэнтраў у выглядзе любімых артыстаў:

«Што такое цяпер музычны цэнтр? Дзве каробкі. А так чалавек прыйдзе ў краму і купіць сабе, напрыклад, робата-Алу Пугачову з убудаваным музычным цэнтрам. І яна будзе яму спяваць».
А як наконт палітычных дзеячоў? Мо на іх копіі попыт будзе? «Навошта? — скептычна кажа Аляксандр. — Хіба ва ўстановах ставіць… Дый каго?
Лукашэнку зрабіць? Ён яшчэ пакрыўдзіцца…»

Але, каб разгарнуцца з усімі гэтымі ідэямі, пакуль не хапае сродкаў. Самая рэалізаваная і паспяховая мадэль — тая самая дзяўчына на даху Аляксандравага аўто.

«Гэта копія жонкі сына, маёй нявесткі Тані», — не без гонару кажа прадпрымальнік. — Часам і забываюся, што яна сядзіць на машыне.
Езджу па сваіх справах — а рэклама працуе. Мяне ўжо паў-Мінска ведае!»
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?