Што можа быць больш "агалцелае", чым прапаганда?
Вядома ж, толькі беларуская прапаганда...
(чорны гумар)

Спэкуляцыі на «духоўнасьці» ці «асаблівым шляху» ўзьнікаюць там, дзе пануе бяспраўе, гвалт улады, чыноўнае свавольства.

Калі б Ленін жыў сёньня, то найважнейшым з мастацтваў ён назваў бы тэлевізію. Але каб галоўны скульптурны герой нашай краіны пабачыў БТ, то, напэўна, перавярнуўся б у труне. Наша тэлемастацтва напярэдадні выбараў — відовішча не для слабых. Думаю, сам Гёбэльс пазайздросьціў бы той ахінеі, што гоняць у этэр умельцы агітпропу. Сумесь расейскага манархізму і камунізму, ваяўнічага праваслаўя і атэізму, ксэнафобіі і сусьветнага мэсіянства — наўрад ці такое можа зьмясьціцца ў галаве здаровага чалавека. Напэўна, у галовах беларускіх ідэолягаў варыцца такая «каша», што многім зь іх рана ці позна не мінуць вар’ятні.

Сьвяты... Вісарыёнавіч

Асабліва цікава назіраць, як усьлед за Расеяй нашы «патрыёты» кананізуюць апошняга расейскага цара. Быў — Мікола-«крывавы», кат «трудавога народу», стаў — Мікола-«сьвяты», ледзь не галоўны пэрсанаж праваслаўнага пантэону. Яго апанэнты-бальшавікі зрабілі адваротны шлях — з ікон часоў сацыялістычнай рэвалюцыі трапілі ў апраметную расейскай гісторыі. Але ж у Беларусі жывы міт пра Сталіна разам зь ягонай «лініяй» яшчэ ў вялікай пашане. Менавіта пры ім разбураліся храмы і масава зьнішчаліся сьвятары, аж да таго, што ў 1939 г. на ўсю Ўсходнюю Беларусь застаўся адзін праваслаўны прыход. Дык каму цяпер зьбіраюцца маліцца беларускія «ідыёлухі»? Можа, ужо час хадайнічаць перад Масквой аб кананізацыі сьвятога Ёсіфа? Прэцэдэнт зь Міколам ІІ ужо ёсьць, а падставы тут ня менш сур’ёзныя.

Па-першае, Джугашвілі-Сталін быў праваслаўны і меў няскончаную сэмінарыю. Па-другое, ён памёр у выніку жыда-масонскай змовы ад рук лекараў-забойцаў, і гэта лёгка могуць даказаць «лепшыя беларуская гісторыязнаўцы». Такім чынам, спадарства, рыхтуйце ў Курапатах месца для царквы сьв.Ёсіфа Вісарыёнавіча, а калі Масква раптам заўпарціцца, то кананізацыю можна правесьці і адпаведным указам.

Фарысэі-чэкісты-праведнікі

Сёньня нават просты абываталь разумее, што трэба калі не знайсьці свой, беларускі погляд на бліжэйшую гісторыю, то хаця б крытычна пераасэнсаваць вядомыя і малавядомыя факты. А то з гэтага хаатычнага «вінэгрэту» не выходзіць ні духоўнай ежы, ні інтэлектуальнай спажывы. Яе немагчыма ні слухаць, ні глядзець, ні нюхаць. Такое ўражаньне, што з экрану на цябе пастаянна вывальваюць тоны «ірвотных мас», і адзіная адэкватная рэакцыя на гэтыя тэлеваніты — хутчэй ачысьціцца ад іх. Можа, тэлекухарам плацяць малыя грошы, і яны наўмысна гоняць такую «туфту»? Не, праблема ў іншым. Бадай, ніводны, нават з самых высокапасаджаных ідэолягаў, ня мае права і ня можа сказаць нешта сьвежае, арыгінальнае, сваё, што б выходзіла за межы разуменьня і лексыкі Галоўнага Начальніка. Быць перакананым атэістам і рабіць выгляд зацятага верніка — больш амаральна, чым прызнацца ў сваім нявер’і або немагчымасьці ўвераваць. Шчырасьць — адвечная каштоўнасьць чалавечай натуры, але сёньня ў Беларусі яна небясьпечная. Напрыклад, шчыра прызнаць, што сьвецкая і царкоўная гісторыя, мірская і рэлігійная ўлады — сёньня зусім розныя рэчы, — патрабуе ўжо смеласьці.

Хлусьлівая вайна

Спэкуляцыі на «духоўнасьці», «сьвятасьці» ці «асаблівым шляху» ўзьнікаюць там, дзе пануе бяспраўе простых людзей, гвалт улады, хабарніцтва, чыноўнае свавольства, злачыннасьць. Ніхто ў Нямеччыне, Грэцыі або Ісьляндыі не фанабэрыцца сваёй «супэрдухоўнасьцю», ніхто не прыніжае іншых, не абвінавачвае ў сатанізьме, садаміі і ўсіх грахах іншыя народы ці дзяржавы. Сапраўдная духоўнасьць, як і сапраўднае хрысьціянства, — сьціплая і некрыклівая, добрыя справы робяцца ціха, бязь лішняй пампэзнасьці. Дый вайна ня можа быць «духоўнай». Любая вайна, нават рэлігійная, — зьява бездухоўная, бо яна ёсьць часовай перамогай хцівасьці, зайздрасьці, агрэсіі, невуцтва ды іншых чалавечых заганаў над розумам і вечнай душой. Дух перамагае ня гвалтам, а любоўю, не прымусам, а суперажываньнем. Таму «сусьветны паход», распачаты нашымі «крыжакамі» ад праваслаўя і КДБ, насамрэч толькі рэклямна-выбарчая акцыя аднаго нябеднага кандыдата. А калі гэта і «вайна», то хлусьлівая вайна бяз правілаў, вайна супраць усіх і ўсяго, у тым ліку і супраць будычыні беларускага народу.

Гісторыя сьведчыць, што ісьціна нараджаецца не на вайне, а пасьля яе за сталом перамоваў. Што ўсе скарбы і каштоўнасьці ствараюцца ў мірны час, а вайна толькі пляжыць і марнуе іх. Ня думаю, што мы сёньня настолькі моцныя і багатыя, каб распачынаць якія б там ні было войны. Таму трэба ясна сказаць: «Далоў вайну і тых, хто яе распальвае — ідэолягаў, кар’ерыстаў, праваслаўных атэістаў, савецкіх рэваншыстаў і іншых спэцслужбістаў. Жыве мір у Беларусі і ва ўсім сьвеце!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?