На шостым зьезьдзе Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі (Грамада) колішняга дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Скрабца абралі ў кіроўныя органы БСДП. Пасьля свайго абраньня ў Цэнтральную раду і Выканаўчы камітэт партыі Сяргей Скрабец заявіў, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі могуць адбыцца ўжо сёлета і заклікаў пачаць да іх рыхтавацца.

«Гэта цяпер адна з галоўных задач партыі», — сказаў палітык і дадаў, што, апроч гэтага, «неабходна тэрмінова пачаць падрыхтоўку да парлямэнцкіх выбараў, якія будуць налета».

«Ужо за два гады да парлямэнцкіх выбараў гатовыя сьпісы людзей, якіх улада прызначае ў наступны склад парлямэнту», — заявіў Сяргей Скрабец.

«Я лічу, што партыя мусіць выставіць як мінімум, на 110 акругаў па тры чалавекі. Працаваць з акругамі і рыхтаваць кандыдатаў трэба ўжо зараз, каб не празяваць выбарчую кампанію, як гэта было з выбарамі ў мясцовыя саветы».

На думку Сяргея Скрабца, у будучыні сацыял‑дэмакратычныя партыі Беларусі аб’яднаюцца ў адну структуру. Паводле ягоных словаў, Мікола Статкевіч, Станіслаў Шушкевіч і Аляксандар Казулін сказалі, што гатовыя пачаць аб’яднаўчы працэс сацыял‑дэмакратаў Беларусі, паведамляе прэс‑служба партыі АГП.

Telegraf.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0