Намеснік кіраўніка Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч заявіў, што партыя ўжо рыхтуецца да прэзідэнцкіх выбараў 2015 года.
Ён прапанаваў усім палітычным сілам зладзіць акцыю на плошчы Бангалор у Мінску, каб высьветліць, «каго падтрымлівае народ».

Алег Гайдукевіч кажа, што такую акцыю трэба арганізаваць не пазней за восень 2013.

Кожнаму кандыдату ў прэзідэнты будзе дадзена па 5 хвілін на выступ, падзяліўся сваёй ідэяй Гайдукевіч.

Ён таксама заявіў, што ад ЛДП на выбары пойдзе кіраўнік партыі. На дадзены момант гэта бацька Алега — Сяргей Гайдукевіч. Гайдукевіч-малодшы даў зразумець, што да выбараў старшыня партыі не памяняецца.

А. Гайдукевіч кажа, што яго партыя выступае за тое, каб усе чыноўнікі ведалі беларускую мову і карысталіся ёй.
Гайдукевіч паабяцаў, што наступную прэс-канферэнцыю ён правядзе па-беларуску.
Алег Гайдукевіч заявіў журналістам, што ЛДП прызнае, што ў Беларусі ёсьць палітвязні. Ён лічыць, што калі дзяржава вызваліць гэтых людзей, то «пакажа сваю сілу».

Гайдукевіч-малодшы таксама адказаў на пытанні, якія праз інтэрнэт даслалі сябры «Маладога фронту».

Ён заявіў, што яму ніколі не будзе сорамна за тое, што служыў у міліцыі.

Былы кіраўнік міліцыі Фрунзенскага раёна Мінска прызнаўся, што «сваіх ніколі не здае», а таму працягвае кантактаваць з былым супрацоўнікам МУС Дзінасам Лінкусам. Раней Лінкуса асудзілі на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму за збіццё начальніка Шчучынскага раённага аддзела дэпартамента аховы Аляксея Сяргея.

«Ці не хочаце вы, Алег Сяргеевіч, будучы зараз публічным палітыкам, папрасіць у людзей прабачэння за вашыя незаконныя загады падначаленым, за хлуслівыя рапарты, сфальшаваныя пратаколы, за разгон мірных мерапрыемстваў, накшталт акцыі 6 ліпеня?»

Адказваючы на гэтае пытанне, Гайдукевіч заявіў, што не памятае апазіыцыянераў, якіх затрымлівалі ягоныя падначаленыя. Ён таксама запэўніў, што беларуская міліцыя ніколі не займалася фальшаваннямі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?