Пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі, Польскі Інстытут у Мінску, Беларускі ПЭН-Цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў другі раз абвяшчаюць Літаратурную прэмію імя Ежы Гедройца за найлепшую кнігу прозы, якая выйшла ў 2012 годзе на беларускай мове.

Мэты прэміі:

— ушанаваць памяць Ежы Гедройца, публіцыста, палітыка, заснавальніка і рэдактара парыжскага грамадска-палітычнага часопіса «Kultura»;

— паспрыяць паглыбленню польска-беларускіх стасункаў у галіне культуры;

— папулярызаваць сучасную беларускую літаратуру ў Беларусі і Польшчы

— падтрымаць актуальных беларускіх пісьменьнікаў, паспрыяць выхаду іх творчасці на міжнародны ўзровень.

Умовы прэміі

Літаратурная прэмія Гедройца прысуджаецца за найлепшую кнігу, якая была выдадзеная (у папяровым або электронным варыянтах) у 2012 годзе на беларускай мове ў жанрах «мастацкая проза», «эсэістыка» (журы прэміі пакідае за сабой права вызначаць жанр твораў у спрэчных выпадках).

Намінаванне пройдзе ў тры этапы.

Напачатку 2013 г. будзе абвешчаны лонг-ліст прэміі (12 пазіцый). На пачатку лютага будзе абвешчаны шорт-ліст прэміі (6 пазіцый). Абвяшчэнне і ўшанаванне пераможцы (-аў) адбудзецца 3 сакавіка 2013 г., у Міжнародны дзень пісьменніка. Сярод узнагародаў — магчымасць выдаць кнігу ў Польшчы, літаратурныя стыпендыі і запрашэнні ў еўрапейскія дамы творчасці.

Права прапаноўваць кнігі для ўключэння ў лонг-ліст прэміі маюць: сябры журы, дырэктары выдавецтваў, кіраўнікі творчых суполак і пісьменніцкіх арганізацыяў, лаўрэаты прэміі папярэдніх гадоў. Для намінацыі кнігі на прэмію неабходна даслаць або перадаць у сядзібу Беларускага ПЭН-Цэнтра падпісаную заяўку ў адвольнай форме, далучыўшы да яе 5 асобнікаў намінаванай кнігі.

Склад беларуска-польскага журы будзе абвешчаны ў пачатку лістапада.

Кантакты для падачы заявак

Паштовы адрас: 220050 Мінск, а/с 218.

Адрас сядзібы Беларускага ПЭН-Цэнтра: Мінск, вул. Залатая Горка, 2–101.

Першую прэмію Ежы Гедройца атрымаў Павел Касцюкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?